АПАТЫ́Т

(ад грэч. apatē падман),

мінерал класа фасфатаў Ca5[PO4]3·(F,Cl, OH)2. Колькасць фосфарнага ангідрыту P2O5 — 41—42,3%. Прымесі CO2, SO3, SiO2, Mn, рэдказямельных элементаў, U, Sr і інш. Крышталізуецца ў гексагацальнай сінганіі, утвараючы падоўжана-прызматычныя, ігольчастыя, радзей таблітчастыя крышталі. Агрэгаты зярністыя, зямлістыя і інш. Колер белы, блакітны, жоўты, фіялетавы, чорны. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 5. Шчыльн. ад 2,95 да 3,8 г/см³. Паходжанне магматычнае, гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Сумесь апатыту з кальцытам, гіпсам і інш. у выглядзе зямлістых утварэнняў або канкрэцый наз. фасфарытам. Сыравіна для вытв-сці ўгнаенняў, фосфарнай кіслаты і яе соляў; выкарыстоўваецца ў металургіі, керамічнай і шкляной прам-сці. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ва ўсіх адкладах. Сінтэтычны апатыт з прымессю рэдказямельных элементаў выкарыстоўваюць у оптыцы.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)