АПАФЕО́З
(ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)