Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТВО́ЗЕРА,

возера ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. За 23 км на ПдУ ад г. Гродна. Пл. 0,55 км². Даўж. 1,7 км, найб. шыр. 0,4 км. Даўж. берагавой лініі 3,9 км. Схілы выш. 5—12 м, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі. Праз Антвозера цячэ р. Сламянка і злучае яго з воз. Зацкава.

т. 1, с. 386

АНТО́НАВА,

вёска ў Беларусі, у Валынецкім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на У ад Верхнядзвінска, 156 км ад Віцебска, 1,5 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 458 ж., 167 двароў (1995). Дапаможная школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

т. 1, с. 386

АНТО́НАВА Валянціна Васілеўна

(н. 2.10.1932, Мінск),

бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). З 1952 салістка Дзярж. нар. хору БССР (падгалосачнае сапрана), створаных пры хоры актэта і квартэта «Купалінка». У 1975—80 у фальклорна-харэагр. ансамблі «Харошкі».

т. 1, с. 386

Антонава

т. 18, кн. 1, с. 334

АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б. нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.

В.І.Мянькоўскі.

т. 1, с. 386

АНТО́НАЎ Алег Канстанцінавіч

(7.2.1906, с. Троіцкае Падольскага р-на Маскоўскай вобл. — 4.4.1984),

савецкі авіяканструктар і вучоны ў галіне самалётабудавання. Акад. АН СССР (1981), АН Украіны (1968). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). Працаваў на Маскоўскім планёрным з-дзе, з 1938 у КБ А.С.Якаўлева, у 1946 узначаліў самалётабуд. КБ. Стварыў каля 40 канструкцый планёраў і самалётаў, у т. л. Ан-2 (1947), Ан-8 (1955), самалёты з турбавінтавымі рухавікамі: пасажырскія Ан-10, Ан-24, трансп. Ан-12, Ан-14 і інш. У 1964 створаны шырокафюзеляжны Ан-22 («Антэй»), у 1980-я г. — пасажырскі Ан-28, трансп. скарочанага ўзлёту і насадкі Ан-72, трансп. Ан-124 («Руслан»), Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1962.

Тв.:

На крыльях из дерева и полотна. М., 1962;

Десять раз сначала: Рассказы. Киев, 1981.

Літ.:

Казаков В. Сотвори себя. Саратов, 1986;

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.

т. 1, с. 387

АНТО́НАЎ Аляксей Інакенцьевіч

(27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),

ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам. нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам. нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.

т. 1, с. 387

АНТО́НАЎ Ігнат Пятровіч

(н. 28.12.1922, в. Будніца Віцебскага р-на),

бел. неўрапатолаг. Акад. АН Беларусі (1984), чл.-кар. АМН СССР (1974). Д-р мед. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Нар. ўрач Беларусі (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1962 дырэктар Бел. НДІ неўралогіі і фізіятэрапіі. Працы па вывучэнні інфекц., сасудзістых і паразітарных хвароб нерв. сістэмы, фізіятэрапіі і курарталогіі.

Тв.:

Ангиографическая диагностика сосудистых поражений и опухолей головного мозга. Мн., 1973 (у сааўт.);

Гиперкинезы у детей. Мн., 1975 (разам з Г.Г.Шанько);

Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з Л.С.Гіткінай).

т. 1, с. 387

АНТО́НАЎ

(Антонов) Нікалай Іарданаў (н. 23.5.1926, в. Эмен Велікатырнаўскай акр., Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Сафійскі вышэйшы мед. ін-т (1950). Вершы, паэмы, апавяданні, аповесці ў зб-ках «Былыя людзі» (1951), «Батальён» (1957), «У адкрытым моры» (1965), «Айчына» (1975) прысвечаны антыфаш. барацьбе і сучаснасці. У анталогіі «Паэзія перамогі» (1955), складзенай Антонавым, змешчаны яго пераклады твораў Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, А.Куляшова, П.Панчанкі, П.Пестрака, М.Засіма.

Тв.:

Бел. пер. — Размова з чужаземцам наконт пуцевадзіцеля // Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень, 1878—1978. Мн., 1978.

т. 1, с. 387

АНТО́НАЎ Міхаіл Майсеевіч

(11.3.1923, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 4.8.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў танк. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце. Камандзір танк. ўзвода ст. лейтэнант Антонаў вызначыўся ў ліп.жн. 1943 пры вызваленні г. Арла: танкісты яго ўзвода 7 разоў атакавалі ворага на падыходзе да горада, першыя ўварваліся ў яго. Загінуў у баі.

т. 1, с. 387