Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДРЭ́ЕВА

(сапр. Юркоўская) Марыя Фёдараўна (1868, С.-Пецярбург — 8.12.1953),

руская актрыса. З 1894 артыстка Т-ва мастацтва і л-ры, у 1898—1905 у МХТ. З тонкім лірызмам выконвала ролі ў п’есах Г.Гаўптмана (Раўтэндэляйн — «Патанулы звон», Кетэ — «Адзінокія»), А.Чэхава (Ірына — «Тры сястры», Аня — «Вішнёвы сад»), М.Горкага (Наташа — «На дне», Ліза — «Дзеці сонца», Мар’я Львоўна — «Дачнікі»). Адна са стваральнікаў і артыстка (1919—26) Вял. драм. т-ра ў Петраградзе. У 1931—48 дырэктар Маскоўскага Дома вучоных.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́,

андрэіды (Andreaeidae), падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.

Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 1, с. 359

АНДРЭЕ́СКУ

(Andreescu) Іон (15.11.1850, Бухарэст — 22.10.1882),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1869—72), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1879—81). У канцы 1870-х г. працаваў у Францыі разам з жывапісцамі барбізонскай школы жывапісу. Пейзажы і партрэты адметныя лірызмам, тонкасцю каларыту: «Чабан з авечкамі» (1873), «У лесе Бузэу» (1874), «Дарога па ўзгорках», «Сялянка ў зялёнай хустцы», аўтапартрэт, «Зіма ў Барбізоне» (усе 1881) і інш.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ

(сапр. Пракоф’еў) Аляксандр Аляксандравіч (13.4.1923, С.-Пецярбург — 10.1.1960),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар зб-каў вершаў «Зорка пакаленняў» (1959) і «Сонца Ленінграда» (1961). Перакладаў на рус. мову творы ўкр., эст., чэшскіх і інш. паэтаў. Першыя пераклады з бел. паэзіі змешчаны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (Л., 1948). Пераклаў паэму «Безназоўнае» і шмат вершаў Я.Купалы, асобныя творы П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка, М.Лужаніна, В.Віткі і інш.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ Аляксей Леанідавіч

(н. 24.2.1920, С.-Пецярбург),

рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ Анатоль Яўгенавіч

(н. 14.9.1916, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Беластоцкай абл. у Вял. Айч. вайну, дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Рэсп. партшколу пры ЦК КП(б)Б (1950), ВПШ пры ЦК КПСС (1959). З ліст. 1941 кіраваў падп. групай на чыг. ст. Орша. У 1942—44 камісар, камандзір партыз. атрадаў. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення, у 1963—64 міністр аўтатранспарту БССР. Старшыня Бел. рэсп. савета ветэранаў вайны, працы і ўзбр. сіл (1987—94), Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыуме ВС БССР (1987—92). Чл. ЦК КПБ (1966—86). З 1986 чл., у 1990—91 нам. старшыні Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. ВС БССР у 1963—85, нар. дэп. СССР у 1989—91.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ Андрэй, майстар разьбярскай і сталярнай справы 17 ст. Родам з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 «са таварышчы рабілі крэслы вялікай гасударыні, ларцы і паднасныя сталы».

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ Барыс Фёдаравіч

(9.2.1915, Саратаў — 25.4.1982),

рускі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1937). Ствараў вобразы простых, знешне грубаватых хлопцаў, у якіх раскрываў душэўную шчодрасць, шырыню рус. нар. характару (Назар Дума ў «Трактарыстах», 1939; Бурмак у «Паданні аб зямлі Сібірскай», 1948); Саша Свінцоў у фільме «Два байцы», 1943). З 1950 выконваў пераважна псіхалагічна глыбокія драм. ролі: Сава Зарудны («Паэма пра мора», 1958), Глазуноў («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Расамаха («Шлях да прычала», 1962), Важак («Аптымістычная трагедыя», 1963) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950.

т. 1, с. 359

АНДРЭ́ЕЎ Васіль Васілевіч

(3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),

рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус. нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус. нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).

Літ.:

В.В.Андреев: Материалы и документы. М., 1986.

т. 1, с. 360

АНДРЭ́ЕЎ Восіп, разьбяр па дрэве 17 ст. Выхадзец з Оршы. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1685 разам з інш. бел. разьбярамі рабіў іканастас «з флемаванымі дарожнікамі» і калонкамі для Новадзявочага манастыра ў Маскве.

т. 1, с. 360