АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,
галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз. Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 276
АЛЬГІ́МУНТ,
легендарны новагародскі князь. Звесткі пра яго супярэчлівыя. У Хроніцы Быхаўца згадваецца як гальшанскі князь, сыну якога Міндоўгу Гедзімін аддаў у кіраванне Кіеў пасля яго заваявання. У інш. крыніцах паказаны як новагародскі князь жамойцкага паходжання, то называецца сынам Траняты, то Скіргайлы ці Голышы (міфічная асоба). Супярэчлівасць звестак абвяргае яго гіст. сапраўднасць.
т. 1, с. 276
АЛЬГІ́Н
(Holguin),
горад на Кубе, адм. цэнтр правінцыі Альгін. Засн. Ў 1523. 194,7 тыс. ж. (1985). Вузел шашэйных дарог. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Тытунёвая, дрэваапр., тэкст., гарбарна-абутковая прам-сць; вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, буд. матэрыялаў, с.-г. машын. Буйны мед. комплекс.
т. 1, с. 276
АЛЬГІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
структурныя поліцукрыды бурых водарасцяў і некаторых бактэрый. Малекулы пабудаваны з рэшткаў уронавых кіслот. Выкарыстоўваюць у харч. прам-сці (гелеўтваральнікі), на аддзелку і фарбаванне тканін, солі Альгінавыя кіслоты (альгінаты) — на выраб штучнага шоўку.
т. 1, с. 277
АЛЬГІЦЫ́ДЫ
[ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.
т. 1, с. 277
АЛЬГО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Бабініцкім с/с Віцебскага р-на, за 4 км ад р. Зах. Дзвіна. Цэнтр акц. т-ва «Альгова». За 3 км ад чыг. ст. Віцебск. 1408 ж., 552 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 1, с. 277
АЛЬГО́МЕЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Вялікамалешаўскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Палессе». За 65 км на ПнУ ад Століна, 310 км ад Брэста, 72 км ад чыг. ст. Гарынь. 1024 ж., 321 двор (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Васкрасенская царква — помнік нар. драўлянага дойлідства (1817).
т. 1, с. 277
АЛЬДАЛА́ЗЫ,
ферменты класа ліязаў, якія зваротна каталізуюць расшчапленне сувязяў паміж атамамі вугляроду ў вугляводах. У вял. колькасці ёсць у жывёльных, раслінных і мікраарганізмах (у мышцах млекакормячых альдалазаў да 10% ад усіх растваральных бялкоў). Маюць асабліва важнае значэнне ў працэсах анаэробнага расшчаплення цукроў, напр. пры гліколізе і фотасінтэзе. Каталізуюць рэакцыі паміж альдэгідамі і кетонамі.
т. 1, с. 277
АЛЬДАСТЭРО́Н,
стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na+ і K+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.
т. 1, с. 277