АЛЬДАСТЭРО́Н,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na​+ і K​+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)