Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТЫПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА

(ад анты... + перыстальтыка),

хвалепадобнае скарачэнне сценак полых трубчастых органаў (стрававальнага тракту, страўніка, мачаточнікаў і інш.) чалавека і жывёл, пры якім іх змесціва перамяшчаецца ў напрамку, адваротным звычайнаму. Фізіял. ўласцівасць тоўстых кішак. У тонкіх кішках, страўніку ў норме адсутнічае, узнікае пры рвоце і некаторых паталаг. з’явах.

т. 1, с. 399

АНТЫПІРАГЕ́НЫ

(ад анты... + грэч. pyr агонь + genos нараджэнне),

рэчывы, якія прадухіляюць самазагаранне вугалю, рудаў, торфу і інш. Як антыпірагены выкарыстоўваюць ваду, сілікаты натрыю, плёнкаўтваральныя растворы, інгібітары акіслення і інш. Прызначаны для прадухілення пажараў у рудніках.

т. 1, с. 399

АНТЫПІРЭ́НЫ

(ад анты... + грэч. pyr агонь),

рэчывы або сумесі, якія зніжаюць гаручасць матэрыялаў арган. паходжання (драўніны, пластмасаў, тканін і інш.). Падзяляюцца на інертныя і актыўныя (уступаюць у хім. рэакцыю з матэрыяламі). Найб. пашыраны гідраксід алюмінію, злучэнні бору, фосфару (фасфаты), хлор- і бромвытворныя аліфатычных і араматычных вуглевадародаў. Выкарыстоўваюць як растворы для прамочвання матэрыялаў, у саставе фарбаў.

т. 1, с. 399

АНТЫПО́ДАЎ АСТРАВЫ́

(англ. Antipodes Islands),

група скалістых астравоў у паўн. ч. Ціхага ак. Належаць Новай Зеландыі. Пл. 61 км². Выш. да 400 м. Назва абумоўлена іх месцазнаходжаннем амаль процілеглым Грынвічу (49°4′ паўд. ш. і 178°43′ усх. д.), ад якога вядзецца адлік мерыдыянаў.

т. 1, с. 399

АНТЫПО́ДЫ

[ад анты... + грэч. pus (podos) нага],

1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.

2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.

т. 1, с. 399

АНТЫПРАТО́Н

(p̄ або p̃),

антычасціца, якая мае спін і масу, роўную спіну і масе пратона і адрозніваецца ад яго знакамі эл. зараду, барыённага зараду і магнітнага моманту. Адкрыты ў 1955 амер. вучонымі. Паводле закону захавання ліку барыёнаў, антыпратон можа нарадзіцца толькі ў пары з пратонамі (ці нейтронам, калі дазваляе закон захавання эл. зараду) і пры яго сутыкненні з пратонамі і нейтронамі (нуклонамі) ядраў рэчыва адбываецца анігіляцыя і ўтвараюцца 4—5 пі-мезонаў.

т. 1, с. 399

АНТЫРА́ДЫ,

від стабілізатараў палімераў, якія павышаюць стойкасць палімераў да дзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Найб. эфектыўныя антырады: нафталін, антрацэн, фенантрэн, тыяфенолы, тыянафтолы і інш. Прымаюць паглынутую палімерам энергію і рассейваюць яе ў выглядзе цяпла ці флуарэсцэнцыі. Антырады ўводзяць у палімер пры яго перапрацоўцы да 10% ад масы палімеру.

т. 1, с. 399

«АНТЫРАМА́Н»,

гл. «Новы раман».

т. 1, с. 399

АНТЫРЫ́НУМ,

род кветкавых раслін, гл. Ільвіны зеў.

т. 1, с. 399

АНТЫРЭ́ЧЫВА,

рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, у выніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.Д.Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.

т. 1, с. 399