Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Лячэрская лаўра (з 1598), ТроіцаСергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).

Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.

Лаўравішня лекавая.

т. 9, с. 159

ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],

старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн. ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак. Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміж зах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн. гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн. гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.

Р.Р.Паўлавец.

т. 9, с. 159

ЛАЎРА́НГАС (Lavrangas),

Лаўранга Дыянісіяс (17.10.1860 або 1864, г. Аргастоліян, Грэцыя — 18.7.1941), грэчаскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыях Неапаля (1882—85) і ў Парыжы (з 1885) у Л.Дэліба, Ж.Маснэ і інш. Працаваў у вандроўных франц. оперных трупах, оперны дырыжор у Турыне і Венецыі. У 1894—96 кіраўнік Філарманічнага т-ва ў Афінах. Адзін з арганізатараў Нац. опернага т-ра («Лірыкі скіні», 1939). У 1901—05 праф. Афінскай кансерваторыі. У ліку першых грэч. кампазітараў звярнуўся да інстр. музыкі, у творчасці выкарыстоўваў нар. тэмы. Сярод твораў: 9 опер, у т.л. «Два браты» (паст. 1900), «Чарадзейка» (паст. 1901), «Дыдона» (паст. 1909), «Факанапас» (паст. 1950); балет «Персефона» (паст. 1936); 5 аперэт, у т.л. «Белы волас» (паст. 1917); сімф. паэма для аркестра «Пяцібор’е» (1896, для першых міжнар. Алімп. гульняў у Афінах); хары, песні; музыка да драм. спектакляў.

т. 9, с. 159

ЛАЎРАНЁЎ (Барыс Авдрэевіч) (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав. гіст.-рэв. драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж. рус. драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт. драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1995;

Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;

Седьмой спутник. М., 1991.

Літ.:

Кардин В. Борис Лавренев. М., 1981.

Л.В.Календа.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́НКА (Яўген Міхайлавіч) (23.2. 1900, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 1987),

расійскі геабатанік. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1946). З 1931 праф. Харкаўскага с.-г. ін-та, з 1934 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па тэорыі біягеацэналогіі, расліннасці стэпаў і пустынь Еўразіі і Паўн. Афрыкі, раянаванні і картаграфаванні расліннасці, ахове прыроды.

Тв.:

Степи СССР // Растительность СССР. М.; Л., 1940. Т. 2.

т. 9, с. 161

ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.А.Воінаў.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.Валодзіна).

Г.Р.Герштэйн.

т. 9, с. 159

ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),

расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус. драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.

Літ.:

Яснец Э.Я. К.Лавров. Л., 1977.

т. 9, с. 160

ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),

рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв. народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.

Тв.:

Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.

Літ.:

Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;

Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;

Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;

Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.

Т.І.Адула.

П.Л.Лаўроў.

т. 9, с. 160