Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАКТАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА (ЛДГ),

фермент вугляводнага абмену, які каталізуе найважнейшую рэакцыю гліколізу — узаемапераўтварэнне піравінаграднай і малочнай кіслот. Адносіцца да ферментаў класа аксідарэдуктаз. Актыўнасць Л. ў сываратцы крыві і адноснае ўтрыманне яе ізаферментаў з’яўляюцца дыягнастычнымі тэстамі пры інфаркце міякарда, парэнхіматозным гепатыце, лейкозах і інш.

т. 9, с. 109

ЛІБЕРА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ЛДП),

палітычная партыя ліберальна-дэмакр. кірунку ў Беларусі.

Створана ў лют. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышэйшы савет. Асн. задачы — пабудова незалежнай бел. дзяржавы з эканомікай, якая эфектыўна спалучае дзярж. сектар з інш. формамі ўласнасці. Гал. прыярытэты сац.-эканам. палітыкі — дабрабыт найперш асобнага чалавека, асобы. Знешнепаліт. стратэгія ЛДП зыходзіць са шматвектарнасці і эканам. мэтазгоднасці. Асн. сац. база партыі — высокакваліфікаваны рабочы клас, частка сялянства, прадстаўнікі дзелавых колаў, інтэлігенцыі, ваенна-прамысл. комплексу, студэнцтва, сілавых структур. Арг-цыі партыі дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў 115 раёнах і гарадах Беларусі (1999). Партыяй створаны Ліберальна-дэмакр. бел. саюз моладзі, Жаночая ліберальная асацыяцыя. Пад эгідай ЛДП дзейнічаюць 7 грамадскіх і ветэранскіх арг-цый.

т. 9, с. 234

ЛІБЕРА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЯПО́НІІ (ЛДПЯ),

найбуйнейшая паліт. партыя краіны. Створана ў 1955 у выніку аб’яднання Ліберальнай і Дэмакр. партый. Стаіць на кансерватыўных пазіцыях. З 1955 кіруючая партыя (за выключэннем 1993—96), з 1996 у кааліцыі з інш. партыямі.

т. 9, с. 234

ЛЯТА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА (ЛД),

доза хімічнага або фізічнага агента, уздзеянне якога на жывы арганізм прыводзіць да гібелі. Вызначаецца ў доследах на жывёлах для фармакалагічных сродкаў, пестыцыдаў, іанізуючых выпрамяненняў і інш. Адрозніваюць мінім. ЛД (гінуць найб. адчувальныя асобіны пэўнага віду, але не болей за 10% паддоследных жывёл), сярэднюю (гіне палова — ЛД 50) і абсалютна смяротную (мінім. доза, якая выклікае гібель усіх паддоследных жывёл — ЛД 100). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 9, с. 432