Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​Р.​Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.​Агняцвет) «У людзях» М.​Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

ЛО́БАЧ (Марына Вікенцьеўна) (н. 26.6. 1970, г. Смалявічы Мінскай вобл),

бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Суддзя міжнар. катэгорыі (1991). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры і спорту (1991). З 1994 трэнер-харэограф Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву. Абс. чэмпіёнка Алімп. гульняў па маст. гімнастыцы (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1987, г. Варна, Балгарыя; сярэбраны прызёр у 1985, г. Вальядалід, Іспанія), Еўропы (1988, Хельсінкі; сярэбраны прызёр у асобных відах практыкаванняў), СССР (1985, 1987—88), IX летняй Спартакіяды народаў СССР (1986) у асобных відах практыкаванняў. Уладальніца Кубка СССР (1985, 1987, 1988).

М.​В.​Лобач.

т. 9, с. 332

ЛО́БАЧ (Мікалай Рыгоравіч) (7.8.1938, в. Маціёва Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

дзеяч бел. дыяспары ў Расіі. Канд. эканам. н. (1999). Скончыў Маскоўскі аўтадарожны ін-т (1966). З 1972 у КБ крыніц высокаінтэнсіўнага святла (г. Зеленаград, Расія). З 1973 у «Литературной газете». З 1983 у Дзяржкамінтурысце Расіі, вядучы спецыяліст, ген. дырэктар акц. т-ва «Раска». Навук. працы па праблемах эканам. інтэграцыі Беларусі і Расіі. Значны ўклад яго ў аднаўленне інфраструктуры стараж. бел. гарадоў, буд-ва правасл. храмаў. Дзеяч нац.-культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

т. 9, с. 332

ЛО́БЖА,

рака, гл. Лабжанка.

т. 9, с. 332

ЛО́БЖА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Калінка. Цэнтр сельсавета. За 10 км на З ад горада і 11 км ад чыг. ст. Клімавічы, 134 км ад Магілёва. 379 ж., 137 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​Купалу.

т. 9, с. 332

ЛО́БІ (англ. lobby кулуары),

арганізаваныя групы пры парламентах многіх краін, якія аказваюць націск на заканадаўцаў і дзярж. чыноўнікаў з мэтай дамагчыся прыняцця рашэнняў у інтарэсах пэўных грамадскіх і прыватных арг-цый. У ЗША з 1946 існуюць легальна як спец. агенцтвы і канторы. Гл. таксама Лабізм.

т. 9, с. 332

ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.сак. 1918),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

т. 9, с. 332

ЛО́БЧАНКА,

рака ў Чэрыкаўскім р-не і на мяжы са Слаўгарадскім р-нам Магілёўскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 122 км². Пачынаецца на зах. ускраіне в. Дубраўка Чэрыкаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае на працягу 5,8 км.

т. 9, с. 332

ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),

беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.

т. 9, с. 332

ЛО́ВАЦЬ,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас. р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».

т. 9, с. 332