ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц. нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).
т. 9, с. 338
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел. навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 338