Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́ЎЖА, Ловаж,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Будавесць (цячэ праз возера), за 9 км на З ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1,6 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі каля 3,8 км. Пл. вадазбору 82 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 351

ЛО́ЎЖА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дражбітка, за 34 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Пл. вадазбору 14,8 км². Катлавіна размешчана сярод балота, схілы невыразныя. Берагі сплавінныя. На ПнЗ выцякае ручай у р. Дражбітка.

т. 9, с. 351

ЛО́ЎКІС (Зянон Валянцінавіч) (н. 5.10. 1946, в. Мажэйкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1971). З 1981 у Бел. аграрна-тэхн. ун-це, з 1997 — нач. Гал. ўпраўлення адукацыі і кадраў Мінсельгасхарча. Навук. працы па с.-г. машынах і тэхналогіі вырошчвання бульбы, гідрапрыводзе. Разам з інш. распрацаваў бульбаўборачны камбайн КПК-2-01.

Тв.:

Гидроприводы сельскохозяйственных машин. Мн., 1986;

Гидроприводы сельскохозяйственной техники: конструкция и расчет. М., 1990;

Гидравлика и гидравлические машины. М., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 351

ЛО́ЎРЭНС ((Lawrence) Томас Эдуард) (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),

брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на З Аравійскага п-ва — узняць мясц. араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт. калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.

Літ.:

«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.

т. 9, с. 351

ЛО́ЎРЭНС, Лорэнс (Lawrence) Эрнест Арланда (8.8.1901, г. Кантан, штат Паўд. Дакота, ЗША — 27.8.1958), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1934). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў ун-т штата Паўд. Дакота (1922). З 1926 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Берклі (з 1930 праф.), адначасова з 1936 дырэктар Радыяцыйнай лабараторыі. Навук. працы па паскаральнай тэхніцы, ядз. фізіцы і яе выкарыстанні ў біялогіі і медыцыне. Выказаў ідэю стварэння магн. рэзананснага паскаральніка элементарных часціц — цыклатрона і пабудаваў яго першую мадэль (1930), атрымаў дэйтроны (1933). Удзельнік стварэння атамнай бомбы. У яго гонар названы хім. элемент лаўрэнсій. Нобелеўская прэмія 1939.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 426—429.

т. 9, с. 351

ЛО́ЎТАН, Лаўтан,

Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.Шэкспіра, М.Гогаля, А.Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).

Літ.:

Утилов В. А Чарльз Лаутон. М., 1973.

т. 9, с. 351

ЛО́ЎЧЫ (Мікалай Фёдаравіч) (н 1.11.1930, в. Каменка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі раслін. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1954). З 1960 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной геабатаніцы, лясной тыпалогіі, глебавай энзімалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Леса Белорусского Полесья. Мн., 1977 (разам з І.Д.Юркевічам, В.С.Гельтманам);

Сосновые леса Белоруссии. Мн., 1984 (разам з І.Д.Юркевічам);

Березовые леса Беларуси. Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 9, с. 351