Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км2, даўж. 1,83 км, найб. шыр. 0,9 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км2. Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на 3 сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.

т. 9, с. 336

ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),

памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.

Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ.

т. 9, с. 336

ЛО́ДЗІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lódzkie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. У сучасных межах утворана 1.1.1999. Пл. 17,9 тыс. км2. Нас. 2,7 млн. чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г. Лодзь. Найб. гарады: Пётркаў-Трыбунальскі, Паб’яніцы, Тамашаў-Мазавецкі, Згеж, Бялхатаў. Паўн. ч. ваяводства размешчана ў межах Сярэдняпольскай нізіны, у цэнтры і на Пд — Лодзінскае ўзв. Карысныя выкапні: буры вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3°C, ліп. 18°C, ападкаў 450—550 мм за год. Глебы пераважна падзолістыя, ёсць бурыя, чарназёмныя (на Пн). Пад лесам каля 20% тэрыторыі (хвоя, дуб, бук). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Лодзінская прамысл. акруга — адна з найб. развітых у Польшчы. Вылучаюцца тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіты маш.-буд. (электратэхн., вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці), хім. (вытв-сць лакаў, фарбаў, гумава-тэхн. вырабаў), фармацэўтычная, харч., дрэваапр. (мэблевая, папяровая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Здабыча бурага вугалю і жал. руды. Найб. у краіне ЦЭС (каля г. Бялхатаў). Пад. с.-г. ўгоддзямі каля 70% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі каля 60%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу (на Пн), бульбу, цукр. буракі, алейныя расліны, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць авечак, птушку.

Л.В.Лоўчая.

т. 9, с. 336

ЛО́ДЗІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,

паўстанне рабочых Лодзі 22—24.6.1905 у рэв. 1905—07. 18 чэрв. царскія войскі абстралялі рабочых, якія вярталіся з нелегальнага сходу (забілі 10, паранілі 40 чал.). Пахаванне вылілася ў паліт. дэманстрацыю (больш за 50 тыс. чал.). 21 чэрв. расстраляна дэманстрацыя пратэсту (удзельнічала 70 тыс. чал., забіты 21, паранена больш за 100 чал.). Лодзінскі к-т Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы заклікаў працоўных да ўсеаг. забастоўкі, якая 22 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне. Рабочыя ўзвялі каля 50 барыкад. Да 24 чэрв. паўстанне задушана. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Лодзі, дэманстрацыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т.л. ў Беларусі (Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Оршы, Копысі).

т. 9, с. 336

ЛОДЗЬ (Łódź),

горад у цэнтр. ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс. ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т.л. ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.

Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням. гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл. Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.

Н.К.Мазоўка (гісторыя).

Лодзь. Стары горад.

т. 9, с. 336

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.М.Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

ЛОДКАНО́ГІЯ,

малюскі, гл. Лапатаногія.

т. 9, с. 337

ЛОДКАПАДО́БНЫХ СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (каля 2500—2000 да н. э.) на тэр. Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, в-ве Борнхальм і ўсх. дацкіх астравах, адна з адзінкавых пахаванняў культур. Назва ад характэрнага тыпу зброі — каменных сякер у форме перавернутай лодкі. Вядома ў асн. па пахаваннях. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы разам з керамічным посудам, арнаментаваным шнуравым і грабеньчатым штампам, свідраванымі каменнымі сякерамі і інш. прыладамі.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 337