горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т.л. ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст.Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г.Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.