Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́ША,

рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км2. Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 352

ЛО́ША,

рака ў Уздзенскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 830 км2. Пачынаецца каля в. Даўгінава Уздзенскага р-на. Асн. прыток р. Выня (злева). Даліна на вял. працягу невыразная. Пойма асушаная. Берагі абрывістыя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. На рацэ створана Лашанскае вадасховішча.

т. 9, с. 352

ЛО́ША,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).

Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.

В.У.Шаблюк.

т. 9, с. 352

ЛО́ШНІЦА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Масква. Цэнтр сельсавета, калгаса і саўгаса-камбіната. За 20 км на ПнУ ад г. Барысаў, 96 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Прыяміна. 6872 ж., 584 двары (1999).

У 1563 мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяв ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, у Барысаўскім пав. Мінскай губ. У вайну 1812 напалеонаўскае войска спаліла тут царкву (у 1816 адбудавана). У 1870 сяло, у 1885 цэнтр воласці, 834 ж., 143 двары, нар. вучылішча, царква, млын. З 1920 у Л. нар. тэатр. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскім р-не Мінскай акругі. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 53, вывезлі ў Германію 49 жыхароў. У 1945—55 працаваў дзіцячы дом. У 1972—1978 ж., 630 двароў.

Прыямінскі рамонтны з-д, камбікормавы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, кінатэатр, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У.У.Бянько.

т. 9, с. 352

ЛО́ШЫЦА,

рака ў Мінскім р-не і Мінску, правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 9,2 км. Пачынаецца на зах. ускраіне в. Дворышча. У сярэднім цячэнні ракі ў межах Мінска створаны 2 сажалкі.

т. 9, с. 353

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. ДруцкімГорскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353