Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́НВА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 125 км2. Пачынаецца каля в. Амнішава. Асн. прыток — р. Камяніца (справа). На ўсім працягу каналізаваная.

т. 9, с. 340

ЛОНГ (лац. Longos),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 2—3 ст. н. э., родам, магчыма, з в-ва Лесбас. Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства любоўна-букалічнага рамана «Дафніс і Хлоя». Падрабязны аналіз кахання пастуха і пастушкі надае твору рысы псіхал. рамана. Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы спалучаецца з матывамі букалічнай паэзіі. Раман напісаны рытмічнай прозай з ужываннем рыфмы, стыль адметны вытанчанасцю і багаццем прыёмаў ант. рыторыкі. Паўплываў на развіццё пастаральнага рамана перыяду Адраджэння і Асветніцтва. На бел. мову раман пераклаў А.Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Мн., 1991.

Літ.:

Античный роман. М., 1969.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 340

ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.Равеля, Д.Міё, Г.Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340

ЛО́НГА ((Longo) Луіджы) (15.3.1900, Фубіне, Італія — 16.10.1980),

дзеяч італьян. і міжнар. камуніст. руху, партыз. военачальнік. Вучыўся ў Турынскім тэхнал. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Італьян. камуніст. партыі (ІКП, 1921), чл. яе ЦК (з 1926) і палітбюро (з 1931). У 1927—41 у эміграцыі, у м. ў 1933—35 прадстаўнік ІКП пры Выканкоме Камуністычнага Інтэрнацыянала, у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі ген. інспектар інтэрнацыянальных брыгад. У 2-ю сусв. вайну камандаваў гарыбальдзійскімі брыгадамі. У 1945 дэп. Устаноўчага сходу, з 1946 дэп. парламента Італіі. З 1945 віцэ-сакратар, з жн. 1964 ген. сакратар, з сак. 1972 старшыня ІКП; выступаў за паліт. плюралізм у сацыяліст. дзяржавах.

Тв.:

Рус. пер. — Народ Италии в борьбе. М., 1952;

Ревизионизм новый и старый. М., 1958;

Интернациональные бригады в Испании. М., 1960.

т. 9, с. 341

ЛО́НГА ПРАЛІ́Ў Паміж востравам Урангеля і берагам Азіі, злучае Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры. Даўж. 128 км, найменшая шыр. 146 км, глыб. 36—50 м. Большую частку года ўкрыты лёдам. Названы ў гонар капітана амер. кітабойнага судна Т.Лонга.

т. 9, с. 341

ЛО́НГВА (Раман Войцехавіч) (8.7.1891, Варшава — 8.2.1938),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча (1915). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 удзельнік узбр. паўстання ў Петраградзе, камендант поштаў і тэлеграфа. З лют. 1918 у Чырв. Арміі, з чэрв. на Зах. фронце: нач. штаба дывізіі, камандзір брыгады, нач. Зах. дывізіі (з лют. 1919), якая ўдзельнічала ў абарончых баях супраць польскіх войск на тэр. Беларусі. З вер. 1919 нач. 2-й стралк. дывізіі. Вызначыўся пры ўзяцці Бабруйскага ўмацаванага раёна і фартоў Брэсцкай крэпасці. У жн.вер. 1920 камандуючы 1-й польскай Чырв. Арміяй, потым нач. 5-й стралк. дывізіі. З ліст. 1920 у разведупраўленні штаба ўзбр. сіл Украіны і Крыма, з 1923 у штабе Укр. ваен. акругі, потым ваен. аташэ ў Кітаі. З 1927 камандзір і камісар 43-й стралк. дывізіі. З 1930 ва ўпраўленні сувязі РСЧА. У 1938 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954.

П.А.Селіванаў.

т. 9, с. 341

ЛОНГ-А́ЙЛЕНД (Long Island),

нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс. км2, даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах. ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г. Гудзонам.

т. 9, с. 341

ЛОНГ-БІЧ (Long Beach),

горад у ЗША, паўд. прыгарад Лос-Анджэлеса, у штаце Каліфорнія. Засн. ў 1880, гар. правы з 1888. Каля 450 тыс. ж. (1997). Буйны порт на ўзбярэжжы Ціхага ак., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: авіяракетная, прыладабуд., хім., суднабудаўнічая. Аддзяленне Каліфарнійскага ун-та. Кліматычны курорт. Ваенна-марская база.

т. 9, с. 341

ЛО́НДАН (London),

горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс. км2. 7,6 млн. ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн. ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін. цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т.л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).

Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г. н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст. н. э.). У 1 ст. рым. ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст. гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст. афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т.л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл. Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар. сацыяліст. руху, у т.л. паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл. Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.

Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т.л. раёны Рыджэнтстрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш. арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.

Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер. арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л.Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т.л. Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т.л. «Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.

Літ.:

Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;

Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.

Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.
Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.
Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.

т. 9, с. 341

ЛО́НДАН (London),

горад на ПдУ Канады, у прав. Антарыо. Засн. ў 1826. Каля 300 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне (цеплавозы, рухавікі), эл.-тэхн. (радыёапаратура), трыкат., гарбарна-абутковая, харчовая. Ун-т.

т. 9, с. 342