Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—6. М., 1934—37;

Правда о мирных договорах. Т. 1—2. М., 1957.

Літ.:

Виноградов К.Б. Дэвид Ллойд Джордж. М., 1970.

Д.Лойд Джордж.

т. 9, с. 339

ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989). Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;

Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;

Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;

Пралескі ў акопах. Мн., 1987;

Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;

Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);

«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;

Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А Коршунавым).

Літ.:

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;

Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;

Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;

Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;

Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.

І.У.Саламевіч.

А.А.Лойка.

т. 9, с. 339

ЛО́ЙКА (Антон) (1746 ?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык і балетмайстар. З 1756 вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г.Ф.Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), быў салістам мясц. трупы. З 1760 працаваў у прыдворным т-ры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 педагог балетнай школы і балетмайстар). У 1780 пасланы К.С.Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) для азнаямлення з іх балетным мастацтвам. Пасля вяртання — вядучы балетмайстар (упамінаецца ў дакументах за 1782—87). Разам з Г.Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Рустыка» (1778), «Турэцкі балет», «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.Каселі і «Пігмаліён» паводле «Метамарфоз» Авідзія (1784). Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790.

Г.І.Барышаў.

т. 9, с. 339

ЛО́ЙКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 8.6. 1946, в. Саўцавічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў Горкаўскі ун-т (г. Ніжні Ноўгарад, 1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Развіў тэорыю фарміравання аптычнага відарыса ў фатагр. галагена-сярэбраных слаях; паказаў магчымасць гашэння кагерэнтнай складальнай для монаслаёў часцінак дысперснага рэчыва, прапанаваў метад кіравання аптычным выпрамяненнем у капсуляваных вадкіх крышталях.

Тв.:

Оптика фотографического слоя. Мн., 1983 (разам з А.П.Івановым);

Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з А.П.Івановым, У.П.Дзікам).

т. 9, с. 339

ЛО́ЙКА (Наталля Аляксандраўна) (н. 17.3.1946, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыла БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазерных і аптычных сістэм. Распрацавала тэарэт. мадэліраванне працэсу генерацыі лазерных сістэм з запазняльнай адваротнай сувяззю, вызначыла прычыны і ўмовы суіснавання мультыстабільнасці па розных характарыстыках поля выпрамянення, распрацавала метады пераключэння мультыстабільных станаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.М.Самсонам, Л.А.Катомцавай).

т. 9, с. 339

Лойка Аляксандр Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 421

Лойка Леанід Вікенцьевіч

т. 18, кн. 1, с. 421

Лойка Міхаіл Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 421

Лойка Рамуальд Эдуардавіч

т. 18, кн. 1, с. 421

ЛО́ЙКІ,

вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пн ад Гродна. 471 ж., 172 двары (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 9, с. 339