ЛО́ЙКА Антон

(1746 ?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык і балетмайстар. З 1756 вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г.Ф.Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), быў салістам мясц. трупы. З 1760 працаваў у прыдворным т-ры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 педагог балетнай школы і балетмайстар). У 1780 пасланы К.С.Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) для азнаямлення з іх балетным мастацтвам. Пасля вяртання — вядучы балетмайстар (упамінаецца ў дакументах за 1782—87). Разам з Г.Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Рустыка» (1778), «Турэцкі балет», «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.Каселі і «Пігмаліён» паводле «Метамарфоз» Авідзія (1784). Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790.

Г.І.Барышаў.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)