ЛО́ВАЦЬ,
рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас. р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс. км2. Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».
т. 9, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)