ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т.1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.Я.Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)