Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАН

(польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

ЛАНАВО́Й Васіль Сямёнавіч

(н. 16.1. 1934, Масква),

расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).

Літ.:

Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.

т. 9, с. 117

ЛАНАЛІ́Н

(ад лац. lana шэрсць + oleum масла),

ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37° С, шчыльн. 940—970 кг/м3. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т.л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).

т. 9, с. 117

ЛАНГАБА́РДЫ

(ням. Langobarden літар. доўгабародыя),

адно з плямён стараж. германцаў. У 1 ст. н. э. жылі на левым беразе Эльбы, у 4—5 ст. — у бас. сярэдняга Дуная. У 568 пад націскам авараў на чале вял. саюза плямён (саксы, сарматы, свевы, балгары і інш.) мігрыравалі ў Паўн. Італію. Заваявалі Ламбардыю (атрымала гэту назву ад Л.) і Таскану, дзе стварылі сваё каралеўства, пазней — Спалета і Беневента, якія сталі самаст. герцагствамі. У 6—8 ст. асн. масу Л. складалі вольныя абшчыннікі, развіваліся рамяство і гандаль; перанялі ад рымлян больш высокія агратэхн. прыёмы, пісьмо, афіц. мову (лацінскую). Далейшыя заваяванні Л. (захоп у 751 Равены, спроба захапіць Рым) скончыліся няўдачай. У 773—774 каралеўства Л. заваявана Карлам Вялікім.

Літ.:

Шервуд Е.А. Законы лангобардов: Обычное право древнегерман. племени: (К раннему этногенезу итальянцев). М., 1992.

т. 9, с. 117

ЛА́НГБАРД Іосіф Рыгоравіч

(18.1.1882, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 3.1.1951),

архітэктар, адзін з заснавальнікаў сав. архітэктуры Беларусі. Засл. дз. маст. Беларусі (1934). Д-р архітэктуры (1939). Скончыў Пецярбургскую АМ (1914). У 1935—50 у Ленінградзе, выкладаў у АМ (з 1939 праф.); у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Асн. работы: у Мінску — Дом урада Рэспублікі Беларусь, Дом афіцэраў, будынак Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі (1936—37), гал. корпус АН Беларусі (1939); Магілёўскі Дом Саветаў. Адзін з аўтараў «Эскіза планіроўкі Мінска» і схемы генплана Гомеля (абодва 1944). Сярод інш. работ: жылыя дамы і стадыён імя Леніна ў С.-Пецярбургу (1934), помнік Т.Р. Шаўчэнку ў Харкаве (1935, з М. Манізерам) і інш.

Літ.:

Воинов А.А. И.Г. Лангбард. Мн., 1976.

А.А.Воінаў.

І.Р.Лангбард.

т. 9, с. 117

ЛА́НГЕ Іван Іванавіч

(1894, г. Пскоў, Расія — 29.3.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1915 на Зах. фронце. Летам 1915 арганізаваў і ўзначаліў бальшавіцкую ячэйку ў Навабеліцкім гарнізоне. З сакавіка 1917 чл. Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. 1917 чл. Палескай арг-цыі РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ваен. камісар Гомеля, нач. Гомельскага гарнізона. У канцы 1918 старшыня Слуцкага пав. рэўкома. З студз. 1919 старшыня Гомельскай пав. ЧК. Загінуў у час стракапытаўскага мяцяжу 1919.

т. 9, с. 117

ЛА́НГЕ (Lange) Крысціян

(17.9.1869, г. Ставангер, Нарвегія — 11.12.1938),

дзеяч нарв. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Скончыў ун-т у Осла (1893). Настаўнічаў. У 1909—33 ген. сакратар Міжпарламенцкага саюза. Выступаў з пазіцый пацыфізму. У 1920—37 дэлегат ад Нарвегіі ў Лізе нацый. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з Х.Я.Брантынгам).

т. 9, с. 117

ЛА́НГЕ Мікалай Мікалаевіч [24.3.1858, С.-Пецярбург — 15.2.1921] расійскі і ўкраінскі псіхолаг, адзін з заснавальнікаў эксперыментальнай псіхалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Праф. філасофіі Новарасійскага ун-та (Адэса; 1888—1921), дзе арганізаваў эксперымент. псіхал. лабараторыю. Сфармуляваў канцэпцыю стадыяльнасці (фазавасці) працэсу ўспрымання, якая прадугледжвае змену фаз успрымання ад больш агульнага да прыватнага, дыферэнцыраванага. Распрацаваў маторную тэорыю ўвагі, паводле якой рух разглядаецца як умова, што суправаджае і паляпшае ўспрыманне, прысутнічае ў працэсах мыслення, побач з памяццю. Вывучаў філас. і сац. аспекты развіцця псіхікі і свядомасці, творчасць В.Вунта, І.Канта.

Тв.: История нравственных идей 19 в. Ч. 1. СПб, 1888; Душа ребенка в первые годы жизни. СПб., 1891; Психологические исследования. Одесса, 1893; ...Теория В.Вундга о начале мира. Одесса, 1912.

К.Ланге.

т. 9, с. 117

ЛАНГЕ́ (Longuet) Шарль

(14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл. Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл. Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».

т. 9, с. 117

ЛАНГЕДО́К

(Languedoc),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пд Францыі; на 3 ад ніжняга цячэння р. Рона паміж Цэнтр. масівам, узбярэжжам Міжземнага м. і Пірэнеямі. На тэр. Л. дэпартаменты Усх. Пірэнеі, Од, Эро, Гар, Лазер і частка некалькіх суседніх. Пл. 42,1 тыс. км2. Нас. каля 2,5 млн. чал. (1995). Гал. горад Тулуза. Гал. раён вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч., лёгкая, маш.-буд., металаапр., нафтаперапрацоўчая. Асн. прамысл. цэнтры — цэнтры дэпартаментаў: гарады Тулуза, Перпіньян, Нім, Каркасон, Манпелье, Манд; г. Маркуль — цэнтр атамнай прам-сці. Невял. здабыча вугалю і баксітаў. Турызм.

З канца 2 ст. да н.э. рым. правінцыя Нарбонская Галія, з 5 ст. пад уладай вестготаў. У 720 захоплены арабамі, у сярэдзіне 8 ст.франкамі. У сярэдзіне 9 ст. на тэр. Л. ўзнікла Тулузскае графства, у 10—11 ст. буйная феад. дзяржава на Пд Францыі. У 12—13 ст. цэнтр ерэтычнага руху. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 далучаны да франц. кароны (канчаткова ў 1271). Меў правы самакіравальнай правінцыі, з 14 ст. правінцыяльныя штаты, з 1420 парламент. У 16 ст. ў час рэлігійных войнаў значную частку Л. захапілі гугеноты. У 17 ст. пры АЖ.Рышэльё самакіраванне скасавана. У 17—18 ст. цэнтр антыфеад. руху. У 1791 падзелены на дэпартаменты.

т. 9, с. 117