Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ПА Віталій Вітальевіч

(н. 21.6.1951, в. Сугакі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1972). З 1977 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1989 нам. дырэктара), адначасова з 1997 у БСГА. Навук. працы па рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў на дзярнова-падзолістых глебах.

Тв.:

Агрохимия. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 130

ЛА́ПА Іван Іванавіч

(1869—23.12.1944),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). Праф. Юр’еўскага (Тартускага; 1905—19), Каўнаскага (1933—40), Віленскага (1941) ун-таў. У 1921—33 жыў у Празе. Даследаваў пераважна гісторыю ВКЛ 16 ст. Выдаў «Полацкую рэвізію 1552 г.» (1905), 2 тамы Метрыкі ВКЛ, або «Літоўскай метрыкі» («Русская историческая библиотека», т. 27, 1910; т. 30, 1914). Яго працы напісаны ў тыповым для прадстаўніка дзярж. школы гіст.-юрыд. духу, каштоўныя багатым фактычным матэрыялам.

Тв.: Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586): Опыт исслед. полит. и обществ. строя. Т. 1. СПб., 1901; Литовский статут в Московском переводе-редакции. Юрьев, 1916; Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Ист. очерки. Прага, 1924; Идея единства русского народа в Юго-Западной Руси в эпоху присоединения Малороссии к Московскому государству. Прага, 1929; Литовский статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 9, с. 130

ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч

(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.

В.В.Швед.

т. 9, с. 130

ЛАПАРАТАМІ́Я, чэравасячэнне,

хірургічная аперацыя разразання брушной поласці. Робіцца пры запаленчых, пухлінных і інш. захворваннях, пры раненнях і пашкоджаннях органаў брушной поласці з лячэбнымі (часам дыягнастычнымі) мэтамі. У залежнасці ад размяшчэння органа, віду аперацыі робяць падоўжныя (часцей сярэдзінныя), папярочныя, касыя і вуглавыя разрэзы.

т. 9, с. 131

ЛАПАТАНО́ГІЯ

(Scaphopoda),

лодканогія, клас марскіх малюскаў. 2 атр., 26 родаў, каля 1000 відаў. Вядомы з ардовіку. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў трапічных морах. Жывуць на дне да глыб. 7,5 км. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядомы прадстаўнік марскі зуб (Dentalium vulgaris).

Даўж. ад 0,15 да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, размешчана ў трубчастай, злёгку выгнутай ракавіне, пярэдняя адтуліна якой шырэйшая за заднюю. Праз яе Л. высоўваюць галаву і нагу. Над галавой ёсць скурныя складкі з пучкамі ніткападобных вусікаў (каптакуламі), пры дапамозе якіх Л. выконваюць функцыі дотыку і захопу корму. Кормяцца дробнымі доннымі арганізмамі і інш. Раздзельнаполыя.

Да арт. Лапатаногія. Марскі зуб.

т. 9, с. 131

ЛАПА́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА, лопасцевая машына,

механічная канструкцыя для пераўтварэння энергіі патоку вадкасці або газу ў энергію вярчальнага вала (гідраўлічная турбіна, газавая турбіна) ці наадварот (цэнтрабежная або восевая лопасцевая помпа, вентылятар).

Асн. рабочы орган Л.м. — рабочае кола, якое складаецца з лапатак, замацаваных на ўтулцы. Л.м. бываюць: адна- і шматступенныя; актыўныя і рэактыўныя (напр., актыўная турбіна, рэактыўная турбіна); восевыя, радыяльна-восевыя (дыяганальныя) і радыяльныя. Прынцып Л.м. вядомы са старажытнасці (паравая турбіна Герона Александрыйскага, рымскія гідраўл. турбіны), здаўна выкарыстоўваліся вадзяныя колы, ветрарухавікі. У канцы 19 ст. створаны восевы кампрэсар. Тэорыю Л.м. распрацоўвалі Л.Эйлер, М.Я.Жукоўскі i С.А.Чаплыгін.

т. 9, с. 131

ЛАПА́ТКА,

мыс, паўд. пункт паўвострава Камчатка (Расія), каля 51° паўдн. ш. і 156°40′ усх. д. Выш. да 20 м.

т. 9, с. 131

ЛАПА́ТКА ў архітэктуры,

вертыкальны выступ на сцяне будынка без базы і капітэлі. Вядома ў архітэктуры Зах. і Усх. Еўропы. Звычайна ўспрымалі цяжар ад падпружных арак скляпенняў. Адначасова былі элементамі рытму і дэкору фасадаў, аздабляліся рустам, філёнгамі і інш. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст. (Сафійскі сабор у Полацку), у 17—19 ст. пашырыліся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — у стылях псеўдарус., несапраўднай готыкі, мадэрн. У сучаснай архітэктуры Л. — важны элемент стварэння рытму фасадаў. Часам маюць выгляд пілонаў.

У драўляным дойлідстве ў выглядзе Л. часам вырашалася шалёўка рэшткаў зрубаў, якую аздаблялі дэкар. разнымі накладкамі, размалёўкай. У некат. збудаваннях 18—19 ст. пад уплывам мураванай архітэктуры Л. аздабляліся канелюрамі або рустам.

С.А.Сергачоў.

Лапатка на фасадзе Пакроўскай царквы ў Гродне.

т. 9, с. 131

ЛАПАТО́ Георгій Паўлавіч

(н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1995), чл.-кар. Рас. АН (1979). Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІ ЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец. выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.

М.П.Савік.

Г.П.Лапато.

т. 9, с. 131

ЛА́ПАЎ Барыс Сцяпанавіч

(28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).

І.К.Германовіч.

т. 9, с. 132