Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛА́ЙБА,

у беларусаў хадавое пласкадоннае судна з ветразем, завостранымі носам і кармой, без палубы і даху. Вядомы з 15 ст., напачатку — лёгкія ўстойлівыя лодкі. З цягам часу ўдасканалены і павялічаны ў памерах (даўж. 25—30 м, шыр. 4—5 м, грузападымальнасць 24—80 т). З сярэдзіны 19 ст. паступова выцяснялі інш. віды суднаў. Хадзілі на Л. па Зах. Дзвіне, Віліі і ў верхнім цячэнні Дняпра. Шырока выкарыстоўваліся да пач. 20 СТ.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 9, с. 103

ЛА́ЙДА,

паласа ўвільготненых нізінных раўнін уздоўж узбярэжжаў мораў на Пн Расіі, што заліваецца вадой пры высокіх прылівах і высыхае пры адлівах. Шырыня да некалькіх кіламетраў. Часта ўкрыта лугавой і балотнай галафітнай расліннасцю. У шырокім разуменні Л. — плоскі забалочаны ўчастак тундры і лесатундры са шматлікімі дробнымі азёрамі.

т. 9, с. 103

ЛА́ЙКА,

мяккая скура, якую вырабляюць пераважна са шкур авечак і коз. Л. цягучая і пластычная, але няўстойлівая да ўздзеяння вады. З Л. вырабляюць галантарэйныя вырабы (напр., пальчаткі), верх абутку і інш.

т. 9, с. 103

ЛА́ЙКІ,

група парод універсальных паляўнічых сабак. Пашыраны ў тундравай і лясной зонах Паўн. паўшар’я. Некат. пароды выкарыстоўваюцца як ездавыя (Л. эскімоская, паўн.-ўсходняя ездавая, аляскінскі маламут), пастухоўскія (Л. ненецкая). На Беларусі гадуюць Л.: руска-еўрап. (выш. ў карку да 58 см, масць чорная з белым), зах.-сібірскую (выш. да 60 см, масць белая, шэрая, рабая), усх.-сібірскую (выш. да 63 см, масць белая, шэрая, рабая, рыжая), карэла-фінскую (выш. да 48 см, масць рыжая).

Склад цела сухі, моцны. Галава клінападобная, вушы стаячыя, трохвугольныя. Поўсць прамая, з густым падшэрсткам. Хвост загнуты на спіну. Вынослівыя, рухавыя сабакі з развітым паляўнічым інстынктам.

Э.​Р.​Самусенка.

Лайкі: 1 — руска-еўрапейская; 2 — карэла-фінская; 3 — усходнесібірская; 4 — маламут.

т. 9, с. 103

ЛА́ЙКМАА ((Laikmaa) Антс) (да 1935 Лайпман Ханс; 5.5.1866, Вігала, Эстонія — 19.11.1942),

эстонскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. маст. школы. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1891—97, з перапынкамі). Працаваў у Дзюсельдорфе (1897—99), Фінляндыі (1907—09), Італіі і Паўн. Афрыцы (1909—13). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў Таліне (1903—07, 1913—32). Працаваў у жанрах партрэта і пейзажа, пераважна ў тэхніцы пастэлі. Сярод твораў: «Маленькая Альма» (1900), «Стары Айтсам», партрэт М.​Ундэр (абодва 1904), «Капры» (1911), аўтапартрэт (1917), «Міку» (1926), «Маладуха з Вігалы» (1934), «Зімовы пейзаж» (1938) і інш. У доме Л. ў Таэбле яго мемар. музей.

А.Лайкмаа. Маленькая Альма. 1900.

т. 9, с. 104

ЛАЙН (Line),

падводныя горы ў Ціхім ак., частка сістэмы Цэнтральна-Ціхаакіянскіх горных падняццяў. Працягваюцца ад атола Джонстан да а-воў Туамоту. Даўж. 3400 км, шыр. да 200 км, падножжа на глыб. каля 5000 м. Найменшая глыб. над грэбенем 640 м. Найб. высокія вяршыні вулканічнага паходжання ўтвараюць а-вы Лайн.

т. 9, с. 104

ЛАЙН (Line),

Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, група з 11 каралавых астравоў (атолаў) у межах экватарыяльнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; у складзе дзяржавы Кірыбаці. Найб. атолы — Каляд (пл. 359 км²), Табуаэран, Тэраіна. Агульная пл. каля 500 км². Нас. каля 1,5 тыс. чал. Вырошчваюць какосавыя пальмы, хлебнае дрэва. Здабыча копры. Рыбалоўства. На а-вах Пальміра і Каляд аэрапорты, на в-ве Табуаэран — важная трансакіянская кабельная станцыя на лініі Каліфорнія — Фіджы — Новая Зеландыя. Адкрыты ў 1777 Дж.Кукам.

т. 9, с. 104

ЛА́ЙНЕР (англ. liner ад line лінія),

вялікае марское, звычайна пасажырскае, судна, якое рэгулярна курсіруе паміж аддаленымі портамі па пэўнай лініі. Адносіцца да найб. быстраходных і камфартабельных трансп. суднаў. Паветранымі Л. наз. скарасныя шматмесныя самалёты далёкіх зносін.

т. 9, с. 104

ЛА́ЙТА ((Lajta) Бела) (23.1.1873, Будапешт — 12.10.1920),

венгерскі архітэктар. Скончыў Тэхн. ун-т у Будапешце (1895), вучыўся таксама ў Італіі, Германіі і інш. зах.-еўрап. краінах. З 1901 працаваў у Будапешце. У пошуках выразных прасторавых і канстр. вырашэнняў спрошчваў і геаметрызаваў формы, паступова перайшоў ад стылю мадэрн да функцыяналізму: будынкі камерцыйнага вучылішча (1910—12), прытулку для бедных (1911), дом Рожавёльдзьі (1911—12) — усе ў Будапешце, будынак банка ў Эржэбетвараш (1911).

т. 9, с. 104