Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАКАДЫ́ЎСКІЯ АСТРАВЫ́,

група з 27 каралавых атолаў у Аравійскім м.; у складзе Індыі (саюзная тэр. Лакшадвіп). Пл. 28 км2. Выш. 3—4 м. Лагуны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1700 мм за год. Вырошчваюць какосавыя пальмы. Вываз валакна какосавых пальмаў, копры, панцыраў чарапах. Рыбалоўства, здабыча марскога звера.

т. 9, с. 104

ЛАКАЛІЗА́ЦЫЯ

(ад лац. localis мясцовы),

аднясенне чаго-небудзь да пэўнага месца; абмежаванне пэўнай прасторай месца дзеяння, распаўсюджання якой-н. з’явы, працэсу (напр., Л. пажару).

т. 9, с. 104

ЛАКАЛІ́Т

(ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),

грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл. Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).

Да арт. Лакаліт. Гара Аюдаг у Крыме.

т. 9, с. 104

ЛАКА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, мясцовае забруджванне,

забруджванне прыроднага асяроддзя вакол прамысл. прадпрыемстваў, населеных месцаў, будоўляў, кар’ерных распрацовак і інш. Можа быць хім., фіз., біял., мех. ці комплексным. У розных ступенях адзначаецца ўсюды (у т.л. на Беларусі), асабліва ў месцах канцэнтрацыі буйных прамысл. прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, інтэнсіўнага земляробства, у наваколлі буйных гарадоў і інш. З сукупнасці Л.з. могуць фарміравацца рэгіянальнае забруджванне і нават глабальнае забруджванне. Змяншэнню Л.з. спрыяюць эфектыўныя сістэмы ачысткі сцёкавых вод і прамысл. выкідаў, рацыяналізацыя выкарыстання вытв. сыравіны, укараненне безадходных тэхналогій, арганізац. і тэхн. меры па зніжэнні антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

т. 9, с. 105

ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

ЛАКАМАБІ́ЛЬ

(франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),

перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б. СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.

т. 9, с. 105

ЛАКАМАТЫ́Ў

(франц. locomotive ад лац. loco moveo зрушваю з месца),

самаходная цягавая машына для перамяшчэння па рэйкавым пуці цягнікоў або асобных вагонаў; частка чыг. рухомага саставу.

Бываюць з эл. рухавіком (электравоз), дызелем (цеплавоз, матавоз), газавай турбінай (газатурбавоз), паравой машынай (паравоз) і камбінаваныя (напр., дызель-электравоз). Функцыі Л. выконваюць таксама маторныя вагоны ў складзе дызель-паяздоў, аўтаматрысы. Адрозніваюць Л. магістральныя, манеўровыя, прамысловыя, у т.л. тыя, што працуюць на кар’ерах, у рудніках, на ўнутрызаводскіх пуцях і інш.

Лакаматывы: 1 — першы лакаматыў (створаны англійскім вынаходнікам Р.Трэвіцікам у 1804); 2 — «лакамашына» (першы Паравоз на дзяржаўнай чыгунцы Англіі, пабудаваны ў 1825); 3 — пасажырскі паравоз (1915, Расія); 4 — цеплавоз ТЭ-3 (СССР).

т. 9, с. 105

ЛАКАМО́ЦЫЯ

(ад лац. locus месца + motio рух),

перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с. Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 105

ЛАКАНІ́ЗМ

(ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

ЛАКАНІ́Я

(Lakōnia),

Лаканіка, паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106