Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЗ,

марка аўтобусаў. Выпускаюцца Львоўскім аўтобусным з-дам (Украіна) з 1957. Вырабляюцца гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія і турыстычныя аўтобусы з дызельнымі рухавікамі Мінскага маторнага з-да (з 1995), а таксама тралейбусы (з 1977).

Да арт. ЛАЗ: гарадскі аўтобус ЛАЗ-52523.

т. 9, с. 97

ЛАЗАВО́Й Аляксандр Мікалаевіч

(30.8. 1890, с. Баромля Трасцянецкага р-на Сумскай вобл., Украіна — 25.2.1954),

вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН БССР (1929), праф. (1925). Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1917), Ін-т чырвонай прафесуры (1924). З 1926 у Харкаўскім с.-г. ін-це, з 1931 у Дзяржплане СССР. У 1935—54 праф. маскоўскіх ВНУ. Даследаваў праблемы спецыялізацыі і ролі кааперацыі ў рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, сац. складу насельніцтва, эканомікі с.-г. вытв-сці.

т. 9, с. 97

ЛАЗАКО́ВІЧ Тамара Васілеўна

(11.3. 1954, в. Сеўскае Праўдзінскага р-на Калінінградскай вобл., Расія — 1.11.1992),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). З 1976 дзярж. трэнер СССР па Віцебскай вобл. Чэмпіёнка XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) у камандным першынстве, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне, бронз. — у асабістым першынстве і вольных практыкаваннях. Чэмпіёнка свету (1970, г. Любляна, Югаславія) у камандным першынстве. Чэмпіёнка Еўропы (1971, Мінск) у асабістым першынстве (мнагабор’е), у практыкаваннях на бервяне і брусах, уладальніца Кубка Еўропы (1971) у практыкаваннях на бервяне.

т. 9, с. 97

Лазаковіч Мікалай Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 417

ЛАЗА́НА

(Lausanne),

горад на ПдЗ Швейцарыі. Адм. ц. кантона Во. 123 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Жэнеўскім возеры. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., паліграф., швейная, харчасмакавая, у т.л. тытунёвая, вінаробчая. Ун-т. Штаб-кватэра Міжнар. Алімпійскага к-та. Музеі: алімпійскі, выяўл. мастацтваў, археалогіі і гісторыі, дэкар. мастацтваў і інш. Арх. помнікі 12—18 ст. Шматлікія масты і фунікулёры. Турызм. Курорт.

У старажытнасці паселішча, якое рымляне наз. Лаўзоніум. З 590 цэнтр епіскапства (улада належала сеньёру-епіскапу), якое ў 1536 скасавана ў выніку Рэфармацыі. У 13—14 ст. горад залежаў ад Савойскага графства, у 1536—1798 — ад Берна. У 1537 засн. пратэстанцкая акадэмія (з 1891 ун-т). У 1798 сталіца Леманскай рэспублікі. З 1803 у складзе Швейцарыі, сталіца кантона Во (Ваат). У Л. знаходзіцца федэральны трыбунал (з 1874), праводзяцца шматлікія міжнар. канферэнцыі, у т.л. Лазанская канферэнцыя 1922—23. Сусветна вядомы курорт.

т. 9, с. 97

ЛАЗАНІ́ЦА

(Lysimachia),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.

Лазаніца: 1 — звычайная; 2 — манетчатая.

т. 9, с. 97

ЛАЗА́НКІ,

у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Г.Ф.Вештарт.

т. 9, с. 98

ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.

Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г. Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т.л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.

т. 9, с. 98

ЛАЗА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1923 Падпісаны 24.7.1923 на заключным пасяджэнні Лазанскай канферэнцыі 1922—23 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Японіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з аднаго боку, і Турцыі — з другога. Замяніў Сеўрскі мірны дагавор 1920. Устанавіў сучасныя межы Турцыі (акрамя яе мяжы з Іракам з-за спрэчкі вакол тэрыторыі, прылеглай да г. Масул), адмяніў рэжым капітуляцый, эканам. і паліт. Прывілеі іншаземцаў у краіне, міжнар. фінансавы кантроль над Турцыяй. Замацаваў вынікі Кемалісцкай рэвалюцыі ў Турцыі і грэка-турэцкай вайны 1919—22. Не быў ратыфікаваны Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАВА МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж 0° і 14° усх. д. Пл. 929 тыс. км2. Глыбіні пераважна больш за 3000 м, найб. глыб. больш за 4500 м. Берагі ўтвораны стромкімі ледзянымі абрывамі шэльфавых ледавікоў. Большую частку года ўкрыта дрэйфуючымі крыгамі, шмат айсбергаў. У канцы лета і восенню дрэйфуючыя крыгі захоўваюцца толькі каля ўзбярэжжа. Л.м. вылучана ўдзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі ў 1962 і названа ў гонар М.П.Лазарава.

т. 9, с. 98