Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ВА (італьян. lava ад лац. labes абвал, падзенне) вулканічная, распалены (т-ра 690—1200 °C) сілікатны расплаў нетраў Зямлі, які выліўся або выціснуты на зямную паверхню ў час вывяржэння вулкана. Адрозніваецца ад магмы адсутнасцю шэрагу лятучых кампанентаў (вады, газаў і інш.) і некаторымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Пры застыванні Л. ўтварае эфузіўныя горныя пароды. Пашырана Л. андэзітавая, базальтавая, дацытавая, рыялітавая і інш. На Беларусі лававыя горныя пароды трапляюцца ў адкладах венду і дэвону.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 84

ЛА́ВА ў горнай справе,

доўгая ачышчальная падземная горная вырабатка, у канцы якой (у забоі) адбываецца здабыча (выманне) карысных выкапняў (вугалю, каменнай солі і інш.). Даўжыня Л. — 25—350 м і болей (залежыць ад горна-геал. умоў і сістэмы распрацоўкі радовішча).

т. 9, с. 84

ЛА́ВА,

даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.

т. 9, с. 84

ЛАВА́ЛЬ (Laval) П’ер

(26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц. калабарацыяніст.

т. 9, с. 84

ЛАВА́ЛЯ—МУСАЛІ́НІ ПАГАДНЕ́ННІ 1935, Рымскі пакт. Падпісаны 7.1.1935 у Рыме міністрам замежных спраў Францыі П.Лавалем і фаш. дыктатарам Італіі Б.Мусаліні. Ініцыіраваны франц. урадам, каб скіраваць экспансію Італіі з Балканаў і бас. Дуная ў бок Афрыкі. Прадугледжвалі ўступку Італіі часткі франц. калан. уладанняў у Афрыцы (114 тыс. км2 каля паўд. мяжы Лівіі, каля 800 км2 на мяжы Італьян. Эрытрэі, в-аў Думейра), перадачу ёй 20% акцый чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, згоду Францыі на эканам. перавагу Італіі ў Эфіопіі (у сакрэтным парадку і ваен. ўварванне), спыненне Італіяй антыфранц. дзейнасці ў Тунісе і інш. Садзейнічалі падрыхтоўцы італа-эфіопскай вайны 1935—36. Дэнансаваны Італіяй у снеж. 1938.

т. 9, с. 84

ЛАВА́НДА

(Lavandula),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Больш за 25 відаў. Пашырана пераважна ў Міжземнамор’і. Культывуюць у Паўд. Еўропе, Сярэдняй Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана Л. каласовая (L. spica).

Л. каласовая — шматгадовы паўхмызняк выш. 20—100 см са шматлікімі разгалінаванымі прыўзнятымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, прадаўгавата-лінейнае. Кветкі фіялетавыя ў коласападобных суквеццях, маюць у сабе 1,2—2,3% эфірнага алею. Плод — арэшак. Дэкар. і меданосная расліна. Асн. крыніца лавандавага алею.

У.П.Пярэднеў.

Лаванда сапраўдная.

т. 9, с. 84

ЛАВА́НДАВЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей з суквеццяў лаванды. Бясколерная ці жаўтаватая вадкасць з пахам лаванды, шчыльн. 885—897 кг/м3. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле. Асн. кампаненты — гераніёл, ліналаол, ліналілацэтат, лавандулол. Выкарыстоўваюць пераважна як пахучае рэчыва ў парфумерыі, а таксама як сыравіну ў вытв-сці ліналілацэтату.

т. 9, с. 84

ЛА́ВАЧКІН Сямён Аляксеевіч

(11.9.1900, Смаленск, Расія —9.6.1960),

савецкі авіяканструктар. Чл.-кар. АН СССР (1958). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1943, 1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1927). З 1929 працаваў у розных авіяц. КБ, з 1935 гал. канструктар па самалётабудаванні, з 1939 узначаліў КБ. Пад яго кіраўніцтвам створаны самалёты-знішчальнікі Ла-5, -7, -9, -11, -15, -176, -190, -200, ЛаГГ-1, -3 (разам з В.П.Гарбуновым і М.І.Гудковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1948.

т. 9, с. 84

ЛАВЕЛЕ́ (Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ

(5.4.1822—2.1.1892),

бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супраць сацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.

т. 9, с. 84

ЛАВЕРА́Н,

(Laveran) Шарль Луі Альфонс (18.6.1845, Парыж — 18.5.1922), французскі ўрач, пратыстолаг і эпідэміёлаг. Чл. Парыжскай АН (1901), Франц. мед. акадэміі (1893), замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Стасбурскі ун-т (1867). З 1884 праф. Ваен.-мед. школы ў Валь-дэ-Грас, з 1897 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1907 заг. лабараторыі трапічных хвароб). Навук. працы па вывучэнні малярыі, лейшманіёзу, трыпанасамозу, спірылёзу. Адкрыў узбуджальніка малярыі. Нобелеўская прэмія 1907.

А.Лаверан.

т. 9, с. 84