ЛА́ВА (італьян. lava ад лац. labes абвал, падзенне) вулканічная, распалены (т-ра 690—1200 °C) сілікатны расплаў нетраў Зямлі, які выліўся або выціснуты на зямную паверхню ў час вывяржэння вулкана. Адрозніваецца ад магмы адсутнасцю шэрагу лятучых кампанентаў (вады, газаў і інш.) і некаторымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Пры застыванні Л. ўтварае эфузіўныя горныя пароды. Пашырана Л. андэзітавая, базальтавая, дацытавая, рыялітавая і інш. На Беларусі лававыя горныя пароды трапляюцца ў адкладах венду і дэвону.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)