ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ Іван Іванавіч
(25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),
рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.Пушкіна, В.Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.
Літ.:
Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;
Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;
Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.
Л.В.Календа.
т. 9, с. 97
ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ Яўген Барысавіч
(н. 9.7.1932, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання і апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1955). У 1968—69 нам. гал. рэдактара Бел. Сав. Энцыклапедыі, з 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў ціскам, распрацоўцы канструкцый тэхнал. абсталявання.
Тв.:
Самоходные погрузчики. М., 1963 (разам з Я.А.Волчакам, М Д.Бернштэйнам);
Новые материалы в технике. Мн., 1971 (разам з Я.І.Бельскім, А.М.Дзмітровічам);
Прокатка в порошковой металлургии. М., 1987.
т. 9, с. 97