Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАЛАБРЫ́ДЖЫДА (Lollobrigida) Джына

(н. 4.7.1927, г. Субіяка, Італія),

італьянская кінаактрыса, рэжысёр, фатограф. Вучылася на курсах спеваў, у тэатр. вучылішчы. У кіно з 1946. Першая значная работа ў антыфаш. фільме «Небяспечна: бандыты!» (1951). Актрыса адметная яркай знешнасцю, тэмпераментам, прыродным артыстызмам. Знялася ў фільмах: «Фанфан-Цюльпан» (1951), «Начныя прыгажуні» (1952), «Хлеб, каханне і фантазія», «Правінцыялка» (абодва 1953), «Рымлянка», «Хлеб, каханне і рэўнасць» (абодва 1954), «Сабор Парыжскай Божай маці» (1956), «Саламон і царыца Саўская» (1959) і інш. Зняла дакумент. фільм пра Кубу (1976). Аўтар шматлікіх фотаальбомаў.

т. 9, с. 110

ЛА́ЛАР, Лейлар (Lalor) Джэймс Фінтан (каля 1807, Тынакіл, Ірландыя — 27.12.1849), дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1847 член левага крыла т-ва «Маладая Ірландыя», потым адзін з кіраўнікоў Ірландскай канфедэрацыі. Выступаў з заклікамі да паліт. барацьбы (разрыў англа-ірл. уніі 1801) і агр. рэвалюцыі (захоп зямлі ірл. сялянамі-арандатарамі). У чэрв. 1848 арыштаваны брыт. ўладамі.

т. 9, с. 111

ЛАЛА́РДЫ

[англ., адзіночны лік lollard ад сярэдненідэрл. lollaert(d) літар. той, хто мармыча (малітвы)],

удзельнікі сял.-плебейскага руху 14 ст. ў Англіі і некаторых інш. зах.-еўрап. краінах, які набыў рысы антыкаталіцкай ерасі. Рух Л. узнік у г. Антверпен (Нідэрланды, цяпер Бельгія) каля 1300, у Англіі пашырыўся з пач. 1360-х г. (пропаведзі Дж. Бола і інш.). Яны выступалі як вулічныя прамоўцы, адвяргалі прывілеі каталіцкай царквы, патрабавалі секулярызацыі яе маёмасці, крытыкавалі несправядлівасці феад. ладу (з хрысц. пазіцый), настойвалі на адмене паншчыны, царк. дзесяціны і інш. Л. не заклікалі непасрэдна да ўзбр. выступленняў, але адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, а Бол быў адным з яго правадыроў. Пасля падаўлення паўстання і асабліва з 1401 пачаліся жорсткія праследаванні Л., хоць іх прыхільнікі заставаліся ў Англіі да пач. 16 ст. і спрыялі падрыхтоўцы Рэфармацыі.

т. 9, с. 111

ЛАЛІ́НІ Уладзімір Альбертавіч

(н. 18.9.1947, г. Медычына, Італія),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1970), Балонскі ун-т (1978, Італія). З 1979 у Віцебскім мед. ін-це (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі, функцыян. дыягностыцы, матэм. мадэліраванні.

Тв.:

О факторах, определяющих формирование реографической кривой (разам з АА.Навуменкам, С.М.Собалевым) // Физиология человека. 1987. Т. 13, № 6;

Влияние механических свойств аорты на точность определения сердечного выброса реографическим методом // Кардиология. 1990. № 1.

т. 9, с. 111

ЛАЛІТПУ́Р, Патан,

горад у Непале, у даліне Катманду, на р. Багхаматы. Уваходзіць у агламерацыю г. Катманду. Засн. ў 3 ст. да н. э. Больш за 100 тыс. ж. (1995). Вытв-сць буд. матэрыялаў. Рэлігійны цэнтр будызму. Рамесніцкая вытв-сць прадметаў быту і рэлігійнага культу. Музей бронзы. Каралеўскі палац (9—17 ст.). Будыйскія манастыры і храмы, у т.л. вежападобны храм Крышна Мандыр (15—17 ст.), «Залаты манастыр» (засн. ў 12 ст.). Быў моцна разбураны землетрасеннем 1934.

т. 9, с. 111

ЛАЛО́ (Lalo) Эдуар Віктор Антуан

(27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),

французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т.л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп. муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т.л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.

т. 9, с. 111