Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАША́К,

гібрыд ад скрыжавання асліцы з жарабцом. Знешне бліжэй да каня, чым да асла. Звычайна драбнейшы за мула і не такі дужы. Бясплодны. Гасп. значэння амаль не мае (выключэнне Л., якога гадуюць у Кітаі).

т. 9, с. 168

ЛАША́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Уздзенскім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лоша, Крывялі, Баравыя, Сенажаткі. Створана на р. Лоша ў 1967. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 5,4 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы р. Лоша. Берагі спадзістыя, дно роўнае, пераважна тарфяное, месцамі пясчанае. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,5 м. Часткова зарастае асакой, рагозам. Выкарыстоўваецца для абваднення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца адпачынку.

Ф.​М.​Ашэраў.

т. 9, с. 168

ЛАША́НСКІ ТОРФАМАСІ́Ў,

балота ў Капыльскім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., у вадазборы р. Лоша. Нізіннага тыпу. Пл. 11 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,8 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 2,1 м. Здабыча торфу для вытв-сці брыкетаў і на ўгнаенне. Большая ч. балота асушана.

т. 9, с. 168

ЛАША́НЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля аўтадарогі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Беларусь. 539 ж., 192 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 168

ЛА́ШКАВА (Лілі Марынава) (н. 7.9.1943, Сафія),

балгарскі мовазнавец і перакладчык. Канд. філал. н. (1972). Скончыла Сафійскі ун-т (1966), дзе працуе на кафедры слав. мовазнаўства. Удзельніца бел.-балг. навук. сімпозіумаў па параўнальным мовазнаўстве ў Мінску (1976, 1982, 1987), Сафіі (1979). Аўтар даследаванняў «Пра некаторыя функцыянальныя адпаведнасці балгарскага азначальнага члена ў беларускай мове» (1976; разам з Л.​Куевай-Шверчак), «Да тыпалогіі складаных прыметнікаў у беларускай і балгарскай мовах» (1983) і інш. На балг. мову пераклала аповесці «Дрыгва» Я.​Коласа, «Найдорф» І.​Пташнікава, «Запіскі Занядбайлы» Б.​Сачанкі, «Раданіца» А.​Кудраўца, асобныя апавяданні Я.​Коласа, Л.​Гаўрылкіна, М.​Гіля, Г.​Далідовіча, Кудраўца, Пташнікава для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981).

т. 9, с. 168

ЛАШКЕ́ВІЧ (Рыгор Іосіфавіч) (10.10. 1904, в. Востраў Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 16.1.1992),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), д-р с.-г. н. (1958), праф. (1960). Скончыў БСГА (1927). У 1930—41 у НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (Мінск). З 1945 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (да 1972 заг. аддзела). Навук. працы па аграбіялогіі, фізіялогіі раслін, аграхіміі. Распрацаваў эфектыўныя прыёмы выкарыстання пашы, вырошчвання с.-г. культур, прымянення сістэмы мікраўгнаенняў на тарфяных глебах; даследаваў уплыў воднага рэжыму і дажджавання на прадукцыйнасць с.-г. раслін.

Р.І.Лашкевіч.

Тв.:

Применение микроудобрений на торфяных почвах. Мн., 1955;

Плодородие торфяных почв и возделывание конопли. Мн., 1962;

Сахарная свекла на торфяных почвах. Мн., 1965.

т. 9, с. 168

ЛАШТ (ням. Last цяжар, груз),

адзінка масы ў сістэме мер ВКЛ. Выкарыстоўваўся ў балт. партах 13—20 ст. пераважна для вымярэння ёмістасці марскіх і рачных суднаў пры гандлі с.-г. прадуктамі (збожжа, масла, паташ, смала, дзёгаць, лён і інш.). Існавалі Л. польскі, крулявецкі, рыжскі, рускі розных значэнняў. У цэлым Л. вагаўся ад 1,5 да 3 т.

т. 9, с. 168