Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ТА,

сцяна, у беларусаў традыц. прылада для лоўлі рыбы на хуткім цячэнні. Уяўляла сабой аднасценную сетку, прывязаную вяроўкамі да двух палак, і абвешаную паплаўкамі і грузілам так, каб яна не танула на дно. У час руху ў вадзе сетка прымала форму жолаба, і рыба збіралася каля яе задняй сцяны. Летам Л. рыбачылі як падвалокай, зімой выкарыстоўвалі як зімовы невад. Была пашырана-пераважна на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

т. 9, с. 145

ЛАТА́К.

1) вадавод незамкнутага сячэння з безнапорным рухам вады. Вырабляецца з драўніны, металу, жалезабетону і інш.; укладваецца на паверхні зямлі або на эстакадзе. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы, ірыгацыі.

2) Прыстасаванне ў выглядзе каўша ці ночваў для прамывання пароды пры разведачных работах.

3) Карыта з невял. жолабам у млыне для ссыпання збожжа ў жорны.

т. 9, с. 145

ЛАТАКІ́Я,

горад на ПнЗ Сірыі. Адм. ц. мухафазы Латакія Засн. фінікійцамі да н.э. 284 тыс. ж. (1992). Порт на Міжземным м. Аэрапорт. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, мукамольная, тытунёвая; вытв-сць электраматораў, аліўкавага алею, шаўковых тканін. Ун-т.

т. 9, с. 145

ЛАТАРЫ́НГІЯ

(Lorraine),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс. км2. Нас. каля 3,4 млн. чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.

т. 9, с. 145

ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км2. Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд. т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).

т. 9, с. 145

ЛАТАРЭ́Я

(франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

ЛАТАФА́ГІ

(ад грэч. lotofagoi),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі мірнае племя, што кармілася пладамі чароўнага лотасу. Пакаштаваўшы гэтых пладоў, спадарожнікі Адысея забыліся пра радзіму і пажадалі назаўсёды застацца ў краіне Л., але Адысей сілай прымусіў іх вярнуцца на караблі.

т. 9, с. 145

ЛАТВІ́ЙСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

прыўзнятая тэктанічная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы, якая аддзяляе Балтыйскую сінеклізу ад Маскоўскай і ў выглядзе сядла з невял. паніжэннем паверхні фундамента злучае Балтыйскі шчыт з Беларускай антэклізай. Размешчана на тэр. паўн. Беларусі, Латвіі, зах. ч. Пскоўскай вобл. Расіі. Выцягнута ў шыротным напрамку на 250—300 км, шыр. да 200 км. Фарміраванне яе адбывалася пераважна ў познабайкальскі і каледонскі этапы. Паверхня крышт. фундамента залягае на глыбіні ад -500 да -1000 м. На ёй вылучаны выступы, прагіны, монакліналі, абмежаваныя разломамі з амплітудай 50—100 м і ўскладненыя лакальнымі малаамплітуднымі (50—70 м) падняццямі. Платформавы чахол Л.с. складзены з вендскіх, кембрыйскіх, ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх і антрапагенавых адкладаў.

Г.У.Зінавенка.

т. 9, с. 145

ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДА авечак.

Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.

Авечка латвійскай цёмнагаловай пароды.

т. 9, с. 145

ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.

Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.

М.А.Гарбукоў.

т. 9, с. 146