Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́СА (Lasso) Арланда ды [сапр. Ралан дэ Ласю (Roland de Lassus); каля 1532, г. Монс, Бельгія — 14.6.1594], нідэрландскі кампазітар; найб. значны прадстаўнік нідэрландскай школы. Працаваў у Палерма, Неапалі, Рыме, Антверпене. З 1556 пеўчы, з 1563 кіраўнік прыдворнай капэлы ў Мюнхене. Творча пераўтвараў і абагульняў характэрныя рысы нідэрл., ням., франц., італьян. муз. культуры. Майстар хар. поліфаніі. Стварыў больш за 2 тыс. свецкіх і духоўных твораў — мадрыгалы, віланелы, песні, месы, магніфікаты, матэты, псалмы і інш., насычаныя глыбокім і шматвобразным эмацыянальна-псіхал. зместам. Узбагаціў выразныя сродкі поліфаніі строгага стылю. Яго музыцы ўласцівы меладычная насычанасць галасоў, шырокае выкарыстанне нар.-песеннага тэматызму, зварот да прыёмаў гамафоннага пісьма. Прадвызначыў паяўленне манодыі. Узоры поліфанічнага мастацтва змешчаны ў зб. матэтаў «Magnum opus musicum» (т. 1—6, 1604). Сярод вучняў Дк.Габрыэлі.

А. ды Ласа.

т. 9, с. 141

ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал. паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.

т. 9, с. 141

ЛАСАЛЬЯ́НСТВА,

канцэптуальная разнавіднасць і плынь сацыялізму, пашыраная ў герм. рабочым і с.-д. руху ў 1860-я г. — 1891. Яго заснавальнік і лідэр — Ф.Ласаль.

т. 9, с. 141

ЛАСАСІ́НА,

рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Сухадроўка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 158 км2. Пачынаецца на зах. схілах Віцебскага ўзв. з воз. Запецкае, за 1,8 км на З ад в. Цішкава Віцебскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма шыр. 200—600 м. Рэчышча ў ніжнім цячэнні моцназвілістае.

т. 9, с. 141

ЛАСАСЯ́НКА,

рака, гл. Ласосна.

т. 9, с. 141

ЛАСЕ́НКА Антон Паўлавіч

(10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),

расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) i АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).

Літ.:

Каганович АЛ. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.

А.Ласенка. Развітанне Гектара з Андрамахай. 1773.

т. 9, с. 141

ЛА́СЕН-ПІК

(Lassen Peak),

дзеючы вулкан у ЗША (штат Каліфорнія), у паўднёвай ч. Каскадных гор. Выш. 3187 м. Складзены з дацытаў. Лававыя палі, вулканічныя конусы, гейзеры, гарачыя крыніцы Апошняя актыўнасць назіралася ў 1914—17. Хвойныя лясы і інш. разнастайная расліннасць. Багаты жывёльны свет. Нац. парк Ласен-Волканік з 1916.

т. 9, с. 141

ЛА́СІЛА (Lassila) Маю [сапр. Унтала Ціецявяйнен

(Untola Tietäväinen) Алгат; 28.11.1868, Тохмаярві, Карэлія — 21.5.1918], фінскі пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Сортавала. У 1898—1904 жыў у Пецярбургу. У аўтабіягр. раманах «Хархама» і «Мартва» (абодва 1909) элементы рэалізму пераплятаюцца з містыкай. Вядомасць прынеслі сатыр.-гумарыстычныя аповесці «Па запалкі» (1910, аднайм. сав.-фін. кінафільм 1980, рэж. Л.Гайдай),

«Бацька і сын» (1914), «Ад вялікага розуму» (1915), «Басяк з таго свету» (1916), п’есы «Калі любяць удаўцы» (1911), «Малады млынар» (1912), «Вечны рухавік» (апубл. 1962). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.Арлоў, Я.Лапатка.

Тв.:

Бел. пер. — Басяк з таго свету. Ад вялікага розуму. Мн., 1990;

Рус. пер. — За спичками: Повести. Петрозаводск, 1988.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 9, с. 141

ЛА́СІЦА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 160 км2. Пачынаецца каля в. Турчына, цячэ па зах. ч. Полацкай нізіны праз азёры Крывое і Ласіца.

т. 9, с. 142

ЛА́СІЦА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца (цячэ праз возера), за 33 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,46 км2, даўж. 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 108 км2. Схілы катлавіны выш. 11—15 м, пад хмызняком, на У, ПдУ і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. У цэнтры — востраў пл. 0,2 га.

т. 9, с. 142