«ЛА́ЧПЛЕСІС»,
латышскі гераічны эпас. Складзены ў 1888 А.Пумпурам на аснове лат. фальклору (казак, паданняў) і сярэдневяковых хронік. Вытрыманы ў асн. памеры лат. нар. песень (харэй у спалучэнні з дактылем). Персанаж чарадзейных казак Лачплесіс (Той, хто раздзірае мядзведзя) ператвораны Пумпурам у эпічнага волата, нац. героя, правадыра народа ў барацьбе супраць ням. рыцараў. У «Л.» выкарыстаны традыц. эпічныя сюжэты: першы подзвіг героя, гераічныя вандраванні (на зачараваны востраў), жаніцьба на дзеве — памочніцы волата Лаймдата, барацьба з ведзьмаком Кангарам і інш. Лачплесіс перамагае ў паядынку Цёмнага рыцара, але гіне сам; народ чакае вяртання героя і канчатковага вызвалення ад занявольнікаў. На аснове «Л.» ўзнік другасны фальклор (паданні).
Публ.: Пумпур А. Лачплесис. М., 1975.
т. 9, с. 168
ЛА́ЧЭНС ((Lutyens) Эдвін Лэндсір) (29.3.1869, Лондан — 1.1.1944),
англійскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтва ў Лондане (1885—87). Прэзідэнт Лонданскай АМ (з 1938). У творчасці звяртаўся да нац. арх. традыцый, адрадзіў традыц. тып англ. сядзібнага дома, прыўнёс у яго элементы сучаснага камфорту (дом Дынеры-гардэнс у Сонінгу, 1901). Стварыў імпазантны афіц. стыль адм. і дзелавых будынкаў (палац віцэ-караля, цяпер Раштрапаці Бхаван, г. Нью-Дэлі, Індыя, 1913—30). Працаваў у галіне горадабудаўніцтва (планіроўка г. Нью-Дэлі, з 1912, цяпер у межах Дэлі). Аўтар манументаў на ўшанаванне памяці ахвяр 1-й сусв. вайны («Кенатаф» у Лондане, 1919—20).
т. 9, с. 168