«ЛА́ЧПЛЕСІС»,

латышскі гераічны эпас. Складзены ў 1888 А.Пумпурам на аснове лат. фальклору (казак, паданняў) і сярэдневяковых хронік. Вытрыманы ў асн. памеры лат. нар. песень (харэй у спалучэнні з дактылем). Персанаж чарадзейных казак Лачплесіс (Той, хто раздзірае мядзведзя) ператвораны Пумпурам у эпічнага волата, нац. героя, правадыра народа ў барацьбе супраць ням. рыцараў. У «Л.» выкарыстаны традыц. эпічныя сюжэты: першы подзвіг героя, гераічныя вандраванні (на зачараваны востраў), жаніцьба на дзеве — памочніцы волата Лаймдата, барацьба з ведзьмаком Кангарам і інш. Лачплесіс перамагае ў паядынку Цёмнага рыцара, але гіне сам; народ чакае вяртання героя і канчатковага вызвалення ад занявольнікаў. На аснове «Л.» ўзнік другасны фальклор (паданні).

Публ.: Пумпур А. Лачплесис. М., 1975.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)