Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́МА

(тыбецкае, літар. вышэйшы),

будыйскі манах у краінах, дзе пашыраны ламаізм. Тэрмін з’явіўся ў 8 ст. ў Тыбеце, напачатку толькі як тытул манахаў, што мелі вышэйшую вучоную ступень.

т. 9, с. 111

ЛАМАВІ́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан злучэння Мінскай і Палескай абл. па разгроме апорнага пункта ням.-фаш. захопнікаў у в. Ламавічы Акцябрскага р-на 25 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваў штаб партыз. злучэння. Атрады М.П. Бумажкова і «Чырвоны Кастрычнік» арганізавалі засады на пад’язных дарогах да вёскі; атрады А.І. Далідовіча, М.М. Розава, Дз.Ц. Гуляева, імя М.Ф. Гастэлы, узброеныя 3 гарматамі, штурмам авалодалі апорным пунктам. У ходзе бою падаўлена 12 дзотаў праціўніка. У баі была смяротна паранена сувязная Р.І. Шаршнёва.

т. 9, с. 111

ЛАМАВІ́ЧЫ,

вёска ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Няслаўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г.п. Акцябрскі, 222 км ад Гомеля, 26 км ад чыг. ст. Рабкор. 513 ж., 192 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа. Дом нар. творчасці, б-ка, аддз. сувязі. У Вял. Айч. вайну ў Л. адбыўся Ламавіцкі бой 1942. Помнік партызанцы Р.І. Шаршнёвай.

т. 9, с. 111

ЛАМАІ́ЗМ,

адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.

В.В. Краснова.

т. 9, с. 111

ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач. рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.

т. 9, с. 111

ЛАМА́КА Віктар Мацвеевіч

(н. 19.5. 1940, г.п. Алеўск Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1962), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Даследаваў механізмы радыяцыйнага пашкоджання паўправадніковых матэрыялаў і прылад. Выявіў вагальныя рэакцыі перабудовы і фазавыя пераходы 2-га роду цвёрдых раствораў структурных дэфектаў у матрыцы паўправадніка.

Тв.:

Колебательная реакция перестройки дефектов в кремнии (разам з П.В. Кучынскім, Л.М. Шахлевіч) // Письма в Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1987. Т. 45, вып. 7;

Радиационные эффекты в приборах и интегральных схемах на арсениде галлия. Мн., 1992 (разам з Я.Р. Аствацатур’янам, Дз.В.Громавым).

т. 9, с. 112

ЛАМА́КА Лідзія Ціханаўна

(н. 25.5. 1928, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1982), праф. (1986). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953). У 1956—92 у Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (заг. аддзела). Навук. працы па функцыян. асаблівасцях сардэчна-сасудзістай сістэмы ў нованароджаных у норме і паталогіі, карэкцыі яе парушэнняў.

Тв.:

В семье заболел ребенок Мн., 1975;

Кровообращение новорожденного при заболеваниях матери. Мн., 1988.

т. 9, с. 112

ЛАМА́КА Міхаіл Мікалаевіч

(н. 6.5. 1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі і пульманалогіі. Д-р мед. н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). У 1958—91 дырэктар Бел. НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі, з 1971 адначасова ў Мінскім мед. ін-це (у 1991—98 заг. кафедры). Навук. працы па функцыянаванні ўнутр. органаў і сістэм пры паталогіі органаў дыхання, удасканаленні дыягностыкі і лячэння захворванняў органаў дыхання, барацьбе з туберкулёзам.

Тв.:

Туберкулез органов дыхания и отягощающие его факторы. Мн., 1985 (у сааўт.);

Руководство по фтизиатрии. 2 изд. Мн., 1991 (разам з С.І. Суднікам, С.А Собалем).

т. 9, с. 112

ЛАМА́КІН Гаўрыіл Якімавіч

(Іаакімавіч; 6.4.1812, г. п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.Дз.Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

ЛАМА́МІ

(Lomami),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Конга. Даўж. каля 1500 км, пл. басейна 110 тыс. км2. Пачынаецца на плато Катанга, цячэ на Пн у глыбокай даліне, парожыстая. Сярэдні расход вады каля 1700 м3/с. Пад’ём узроўню вады ў сезон дажджоў з вер. да красавіка. Суднаходная на 330 км ад вусця. У вусці — г. Ісангі.

т. 9, с. 112