ЛА́НГЕ Мікалай Мікалаевіч [24.3.1858, С.-Пецярбург — 15.2.1921] расійскі і ўкраінскі псіхолаг, адзін з заснавальнікаў эксперыментальнай псіхалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Праф. філасофіі Новарасійскага ун-та (Адэса; 1888—1921), дзе арганізаваў эксперымент. псіхал. лабараторыю. Сфармуляваў канцэпцыю стадыяльнасці (фазавасці) працэсу ўспрымання, якая прадугледжвае змену фаз успрымання ад больш агульнага да прыватнага, дыферэнцыраванага. Распрацаваў маторную тэорыю ўвагі, паводле якой рух разглядаецца як умова, што суправаджае і паляпшае ўспрыманне, прысутнічае ў працэсах мыслення, побач з памяццю. Вывучаў філас. і сац. аспекты развіцця псіхікі і свядомасці, творчасць В.Вунта, І.Канта.