ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),
расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус. драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.
Літ.:
Яснец Э.Я. К.Лавров. Л., 1977.
т. 9, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)