Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫ́НБЕРГЕН (Tinbergen) Нікалас (15.4.1907, г. Гаага, Нідэрланды — 21.12.1988),

нідэрландскі вучоны ў галіне эталогіі і зоапсіхалогіі. Праф. (1960). Скончыў Лейдэнскі ун-т (1932). З 1949 у Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія). Навук. працы па паводзінах птушак. Распрацаваў (з К.Лорэнцам) вучэнне пра інстынктыўныя паводзіны жывёл і іх развіццё ў онта- і філагенезе. Нобелеўская прэмія 1973 (з К.​Лорэнцам, К.Фрышам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Н.Тынберген.

т. 16, с. 75

ТЫ́НБЕРГЕН (Tinbergen) Ян (12.4.1903, Гаага — 1994),

нідэрландскі эканаміст; адзін з заснавальнікаў эканаметрыкі Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1926). З 1929 у Цэнтр. бюро статыстыкі (Гаага). З 1931 у Амстэрдамскім ун-це, з 1933 праф. Нідэрландскай школы эканомікі (г. Ротэрдам). У 1936—1948 у Лізе Нацый (Жэнева). У 1945—55 кіраўнік Цэнтр. бюро планавання, у 1965—72 старшыня камітэта па планаванні ААН. Навук. працы па тэорыі эканам. палітыкі, даследаваннях эканам. цыклаў у ЗША, праблемах эканам. планавання ў краінах, што развіваюцца. Аўтар тэорыі «аптымальнага ладу» (адзін з варыянтаў тэорыі канвергенцыі). Распрацаваў мадэль прагназавання эканам. палітыкі Нідэрландаў. Нобелеўская прэмія 1969 (з Р.​Фрышам).

Тв.:

On the theory of economic policy. Amsterdam, 1952;

Economic policy: Principles and design. Amsterdam, 1956.

Я.Тынберген.

т. 16, с. 75

ТЫНГ (Ting) Сэмюэл Чжао Чжун (н. 27.1.1936, г. Ан-Арбар, штат Мічыган, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац. АН ЗША (1977). Замежны чл. АН СССР (1988) і АН інш. краін. Скончыў Мічыганскі ун-т (1960). З 1967 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1969 праф.). Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц, квантавай электрадынаміцы, пошуку антырэчыва ў Сусвеце і інш. Разам з Л.Ледэрманам упершыню сінтэзаваў антыдэйтрон (1965). Незалежна ад Б.Рыхтэра адкрыў (1974) першую «зачараваную» часціцу — j/Ψ-мезон. Разам з інш. эксперыментальна пацвердзіў існаванне глюонных струменяў (1979). Нобелеўская прэмія 1976 (з Рыхтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие j-частицы: (Личные впечатления) // Успехи физ. наук. 1978. Т. 125. вып. 2;

Поиски антивещества в космосе: эксперимент АМС (разам з Ю.​В.​Галакціёнавым, М.​А.​Чарнаплекавым) // Природа. 1999. № 12.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Тынг.

т. 16, с. 75

ТЫНДАЛІЗА́ЦЫЯ,

спосаб знішчэння мікробаў і іх спор у пэўным аб’ёме. Выкарыстоўваецца пераважна для стэрылізацыі вадкасцей і харч. прадуктаў. Ажыццяўляецца шматразовай апрацоўкай парай звычайна пры т-ры 55—56 °C. У прамежках паміж награваннямі аб’екты (рэчывы) вытрымліваюць ва ўмовах, якія садзейнічаюць прарошчванню спораў. Тэрмін ад імя англ. вучонага Дж.​Тындаля, які распрацаваў гэты спосаб. Гл. таксама Пастэрызацыя.

т. 16, с. 75

ТЫНКО́ЎКА, тынк,

аддзелачны слой, утвораны буд. растворам на паверхні канстр. элементаў будынкаў і збудаванняў. Тынкавальныя растворы звязваюцца вапнай, цэментам, гіпсам, глінай, магнезітам. Мае засцерагальна-канструкцыйнае, сан.-гігіенічнае і дэкар. прызначэнне.

У сучасным буд-ве выкарыстоўваюць Т.: звычайную (для выраўноўвання паверхні агараджальных канструкцый), спецыяльную (водатрывалую і воданепранікальную, цеплаізаляцыйную, акустычную, рэнтгенанепранікальную, вогнезасцерагальную і інш.), дэкаратыўную (для павышэння эстэт. выразнасці будынкаў і збудаванняў у растворы дадаюць каляровыя і крышталічныя запаўняльнікі, мармуровы пясок, слюду, рознакаляровую шкляную крошку і каляровыя пігменты). Маст. эфект дэкар. Т. дасягаецца таксама рэльефнай апрацоўкай слоя каменячосным інструментам для імітацыі фактуры натуральнага каменю.

На Беларусі прататып Т. вядомы з жал. веку, калі сцены жытлаў абмазвалі глінай. У 12 ст. для аддзелкі фасадаў Дабравешчанскай царквы ў Віцебску выкарыстоўвалася спец. дэкар. абмазка-Т. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. Т. ўжывалася для аддзелкі асобных элементаў фасада (нішы, часткі шчытоў, франтонаў). У 2-й пал. 16—17 ст. тынкавалі цалкам фасады будынка, а таксама ўнутр. сцены. Акрамя звычайнай роўнай і гладкай Т. ўжываўся і спосаб дэкар. аздаблення сцен будынкаў, заснаваны на выдрапванні верхняга слоя Т. да ніжніх кантрастных па колеры слаёў (гл. Сграфіта). Сродкам Т. на фасадах будынкаў імітавалася рустоўка, фактурнай Т. вылучаліся філёнгі. Т. часта пакрывалася зверху вапнай з мінеральнымі і некат. арган. пігментамі (чырвоная і жоўтая вохра, свінцовы сурык, драўняны вугаль і інш.). У сучаснай архітэктуры дэкар. Т. пашырана ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў жылых і грамадскіх будынкаў.

В.​Ф.​Валошын, А.​А.​Трусаў.

т. 16, с. 75

ТЫНТАРЭ́ТА [Tintoretto; сапр. Рабусці

(Robusti)] Якопа (29.9.1518, г. Венецыя, Італія — 31.5.1594),

італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Тыцыяна, зазнаў уплыў Мікеланджэла, Парміджаніна, Л.Лота. Працаваў у Венецыі. Ужо раннім творам Т. ўласцівы дасканаласць малюнка ў перадачы складаных ракурсаў, драм. эфекты асвятлення, цеплыня і мяккасць колеравага вырашэння: «Нараджэнне Іаана Хрысціцеля» (канец 1540-х г.), «Абмыванне ног» (1547), «Цуд святога Марка» (1548). У сталы перыяд (1550—60-я г.) праз выяўленне масавых сцэн перадаваў рэакцыю людзей на падзеі, звяртаўся да смелых прасторавых пабудоў, асіметрычнай кампазіцыі з прарывамі ў глыбіню, святлоценявых кантрастаў, колеравы строй набыў эмац. напружанасць, пералівы халодных вытанчаных адценняў: цыклы карцін, прысвечаных жыццю св. Марка (1562—64), пано для Скуола ды Сан-Рока ў Венецыі (1565—88; у т. л. «Пакланенне пастухоў», «Уцёкі ў Егіпет», «Галгофа», «Укрыжаванне», «Хрыстос перад Пілатам» і інш.). Манументальнасць і феерычнасць светлавых эфектаў уласцівы размалёўкам «Пакланенне залатому цяльцу» і «Страшны суд» (1556; апсіда царквы Санта-Марыя дэль Орта), «Бітва каля Зары» (каля 1585; Палац дожаў), «Тайная вячэра» (1592—94; царква Сан-Джорджа Маджорэ), «Алегорыі» (1577, Антыкаледжо ў Палацы дожаў) і інш. Яго лепшыя партрэты вылучаюцца строгай прастатой і глыбокім псіхалагізмам («Аўтапартрэт», каля 1590). Іл. гл. таксама да арт. Венецыянская школа жывапісу.

Літ.:

Виппер Б.Р. Тинторетто. М., 1948.

Т.​В.​Пешына.

Тынтарэта. Нараджэнне Іаана Хрысціцеля.

т. 16, с. 75

ТЫНФ (польск. tymf, ням. timpf, рус. тинф, ад імя ням. арандатара манетных двароў у Каралеўстве Польскім А.​Тынфа, ініцыялы якога стаялі на рэверсе манеты),

1) назва (спачатку народная, у 18 ст. афіцыйная) сярэбранай манеты Рэчы Паспалітай 1663—66. Тыпалагічна Т. наследаваў рэверс орта і меў яго рыначны курс.

2) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты Прусіі 1679—1750.

3) Сярэбраная манета Рас. імперыі 1707—09 для замежных плацяжоў у час Паўн. вайны 1700—21. Пастанова Брэсцкага сейміка 1714 называла яе «Т. маскоўскі».

4) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай 1752—56; у 1752—53, 1755 меў пазначэнне наміналу «Т.».

5) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбраных прускіх перайманняў Т. Рэчы Паспалітай у 1751—58 са зніжанай на ​1/3 колькасцю серабра.

6) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты 1759—61 Рас. імперыі для замежных плацяжоў у час Сямігадовай вайны 1759—63.

7) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай манетных двароў Гданьска 1758—63 і Эльбланга 1763. Назва Т. ў канцы 17—18 ст. сінанімічна орту надавалася манетам, большым за 6-грашовік і меншым за чвэрцьталяровік, незалежна ад тыпу выявы. Усе Т. зняты з абарачэння ў Рэчы Паспалітай універсалам 1766.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

І.​І.​Сінчук.

Тынф літоўскі (Ян II Казімір Ваза, 1666).

т. 16, с. 76

ТЫНЯ́НАЎ Юрый Мікалаевіч (18.10.1894, г. Рэжыца Віцебскай губ., цяпер г. Рэзекне, Латвія — 20.12.1943),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1918). У 1921—30 праф. Ін-та гісторыі мастацтваў. Быў членам ОПОЯЗа. Друкаваўся з 1921. Гіст. раманы «Кюхля» (1925), «Смерць Вазір-Мухтара» (1927—28), «Пушкін» (ч. 1—3, 1935—43, не завершаны), апавяд. «Падпаручнік Кіжэ» (1928, аднайм. фільм 1934), аповесць «Васковая персона» (1931) і інш. адметныя арганічным зліццём навукі і л-ры, канцэптуальнасцю і адметнасцю ў падыходзе да гіст. матэрыялу, тонкім псіхалагізмам, выразнасцю мовы. Аўтар літ.-знаўчых прац «Дастаеўскі і Гогаль: (Да тэорыі пародыі)» (1921), «Праблема вершаванай мовы» (1924), «Архаісты і наватары» (1929), артыкулаў па тэорыі кіно, сцэнарыяў фільмаў. Перакладаў Г.​Гейнэ (кн. «Сатыры», 1927; «Германія», 1933; «Вершы», 1934) і інш. Адзін са стваральнікаў серыі «Бібліятэка паэта». Апавяданне «Падпаручнік Кіжэ» на бел. мову пераклала А.​Васілевіч.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М.; Л., 1959;

Пушкин и его современники. М., 1969;

Поэтика. История литературы. Кино. М., 1977;

Пушкин: Роман. Мн., 1988.

Літ.:

Эйхенбаум Б. Творчество Ю.​Тынянова // Эйхенбаум Б. О прозе. Л., 1969;

Воспоминания о Ю.​Тынянове. Портреты и встречи. М., 1983;

Каверин В.А., Новиков В.И. Новое зрение: Книга о Ю.​Тынянове. М., 1988.

Ю.М.Тынянаў.

т. 16, с. 76

ТЫО́КТАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін N, тое, што ліпоевая кіслата.

т. 16, с. 76

ТЫО́ЛЫ,

тое, што меркаптаны.

т. 16, с. 76