ТЫНФ (польск. tymf, ням. timpf, рус. тинф, ад імя ням. арандатара манетных двароў у Каралеўстве Польскім А.Тынфа, ініцыялы якога стаялі на рэверсе манеты),
1) назва (спачатку народная, у 18 ст. афіцыйная) сярэбранай манеты Рэчы Паспалітай 1663—66. Тыпалагічна Т. наследаваў рэверс орта і меў яго рыначны курс.
2) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты Прусіі 1679—1750.
3) Сярэбраная манета Рас. імперыі 1707—09 для замежных плацяжоў у час Паўн. вайны 1700—21. Пастанова Брэсцкага сейміка 1714 называла яе «Т. маскоўскі».
4) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай 1752—56; у 1752—53, 1755 меў пазначэнне наміналу «Т.».
5) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбраных прускіх перайманняў Т. Рэчы Паспалітай у 1751—58 са зніжанай на 1/3 колькасцю серабра.
6) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты 1759—61 Рас. імперыі для замежных плацяжоў у час Сямігадовай вайны 1759—63.
7) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай манетных двароў Гданьска 1758—63 і Эльбланга 1763. Назва Т. ў канцы 17—18 ст. сінанімічна орту надавалася манетам, большым за 6-грашовік і меншым за чвэрцьталяровік, незалежна ад тыпу выявы. Усе Т. зняты з абарачэння ў Рэчы Паспалітай універсалам 1766.