ТЫНКО́ЎКА, тынк,

аддзелачны слой, утвораны буд. растворам на паверхні канстр. элементаў будынкаў і збудаванняў. Тынкавальныя растворы звязваюцца вапнай, цэментам, гіпсам, глінай, магнезітам. Мае засцерагальна-канструкцыйнае, сан.-гігіенічнае і дэкар. прызначэнне.

У сучасным буд-ве выкарыстоўваюць Т.: звычайную (для выраўноўвання паверхні агараджальных канструкцый), спецыяльную (водатрывалую і воданепранікальную, цеплаізаляцыйную, акустычную, рэнтгенанепранікальную, вогнезасцерагальную і інш.), дэкаратыўную (для павышэння эстэт. выразнасці будынкаў і збудаванняў у растворы дадаюць каляровыя і крышталічныя запаўняльнікі, мармуровы пясок, слюду, рознакаляровую шкляную крошку і каляровыя пігменты). Маст. эфект дэкар. Т. дасягаецца таксама рэльефнай апрацоўкай слоя каменячосным інструментам для імітацыі фактуры натуральнага каменю.

На Беларусі прататып Т. вядомы з жал. веку, калі сцены жытлаў абмазвалі глінай. У 12 ст. для аддзелкі фасадаў Дабравешчанскай царквы ў Віцебску выкарыстоўвалася спец. дэкар. абмазка-Т. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. Т. ўжывалася для аддзелкі асобных элементаў фасада (нішы, часткі шчытоў, франтонаў). У 2-й пал. 16—17 ст. тынкавалі цалкам фасады будынка, а таксама ўнутр. сцены. Акрамя звычайнай роўнай і гладкай Т. ўжываўся і спосаб дэкар. аздаблення сцен будынкаў, заснаваны на выдрапванні верхняга слоя Т. да ніжніх кантрастных па колеры слаёў (гл. Сграфіта). Сродкам Т. на фасадах будынкаў імітавалася рустоўка, фактурнай Т. вылучаліся філёнгі. Т. часта пакрывалася зверху вапнай з мінеральнымі і некат. арган. пігментамі (чырвоная і жоўтая вохра, свінцовы сурык, драўняны вугаль і інш.). У сучаснай архітэктуры дэкар. Т. пашырана ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў жылых і грамадскіх будынкаў.

В.​Ф.​Валошын, А.​А.​Трусаў.

т. 16, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)