(Robusti)] Якопа (29.9.1518, г. Венецыя, Італія — 31.5.1594),
італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Тыцыяна, зазнаў уплыў Мікеланджэла, Парміджаніна, Л.Лота. Працаваў у Венецыі. Ужо раннім творам Т. ўласцівы дасканаласць малюнка ў перадачы складаных ракурсаў, драм. эфекты асвятлення, цеплыня і мяккасць колеравага вырашэння: «Нараджэнне Іаана Хрысціцеля» (канец 1540-х г.), «Абмыванне ног» (1547), «Цуд святога Марка» (1548). У сталы перыяд (1550—60-я г.) праз выяўленне масавых сцэн перадаваў рэакцыю людзей на падзеі, звяртаўся да смелых прасторавых пабудоў, асіметрычнай кампазіцыі з прарывамі ў глыбіню, святлоценявых кантрастаў, колеравы строй набыў эмац. напружанасць, пералівы халодных вытанчаных адценняў: цыклы карцін, прысвечаных жыццю св. Марка (1562—64), пано для Скуола ды Сан-Рока ў Венецыі (1565—88; у т. л. «Пакланенне пастухоў», «Уцёкі ў Егіпет», «Галгофа», «Укрыжаванне», «Хрыстос перад Пілатам» і інш.). Манументальнасць і феерычнасць светлавых эфектаў уласцівы размалёўкам «Пакланенне залатому цяльцу» і «Страшны суд» (1556; апсіда царквы Санта-Марыя дэль Орта), «Бітва каля Зары» (каля 1585; Палац дожаў), «Тайная вячэра» (1592—94; царква Сан-Джорджа Маджорэ), «Алегорыі» (1577, Антыкаледжо ў Палацы дожаў) і інш. Яго лепшыя партрэты вылучаюцца строгай прастатой і глыбокім псіхалагізмам («Аўтапартрэт», каля 1590). Іл.гл. таксама да арт.Венецыянская школа жывапісу.