Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛА́КШМІ (стараж.-інд. — знак, добры знак, шчасце, прыгажосць),

у стараж.-інд. міфалогіі і ў індуізме багіня прыгажосці, шчасця, кахання і багацця, жонка бога Вішну і маці бога кахання Камы.

Паводле аднаго з міфаў, Л. ўзнікла з вод першабытнага акіяна. Ўяўлялася жанчынай, што сядзіць на лотасе, які лічыцца яе сімвалам. Разам з Вішну яна ўвасабляе асн. пачаткі і стыхіі быцця. Сваім нараджэннем з акіянскіх вод Л. нагадвае Афрадыту, здольнасцю да шчаслівых прадвызначэнняў — усходнебалцкую багіню шчасця і лёсу Лайму.

т. 9, с. 110

ЛА́КШМІ-БА́І, Лакшмі-Бай (1835—17.6.1858),

адна з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. У чэрв. 1857 абвясціла сябе правіцельніцай (рані) княства Джхансі (з 1854 пад прамым брыт. кіраваннем), далучылася да паўстанцаў. У сак. 1858 узначальвала абарону Джхансі супраць брыт. войск на чале з ген. Х.​Роўзам, потым кавалерыю паўстанцаў у войску Тантыя Топі. Загінула ў баі пад Гваліярам.

т. 9, с. 110

ЛАКШТА́НАВА (Ільза Канстанцінаўна) (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.​Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш.

Г.​Г.​Коваль.

т. 9, с. 110

ЛАКШТА́НАЎ (Іосіф Пятровіч) (22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус. драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.​Мінко і «Вясна ў Маскве» В.​Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.​Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1958).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 9, с. 110