ЛАКШТА́НАВА (Ільза Канстанцінаўна) (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.​Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш.

Г.​Г.​Коваль.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)