ЛАКШТА́НАЎ (Іосіф Пятровіч) (22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус. драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.​Мінко і «Вясна ў Маскве» В.​Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.​Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1958).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)