А́НДРЫЧ
(Andriђ) Іва (9.10.1892, в. Долак, каля г. Траўнік, Боснія — 13.3.1975),
югаслаўскі пісьменнік і дыпламат. Д-р філасофіі (1924). Чл. Сербскай АН (з 1926), Югаслаўскай (з 1951) і Славенскай (з 1953) акадэмій навук і мастацтваў. У 1921—41 дыпламат у еўрап. краінах. Аўтар зб-каў лірычных вершаў у прозе «Ex ponto» (1918), «Неспакоі» (1920), апавяданняў і аповесцяў «Шлях Аліі Джэрджалеза» (1920), «Мост на Жэпе» (1947) і інш., кароткіх раманаў «Паненка» (1945), «Пракляты двор» (1954). Сусв. вядомасць прынеслі гіст. раманы пра мінулае Босніі «Траўніцкая хроніка» і «Мост на Дрыне» (абодва 1945). Гал. рысы яго твораў — філас. напоўненасць і глыбокі псіхалагізм. Літ.-крыт. працы пра дзеячаў сербскай і сусветнай культуры. Нобелеўская прэмія 1961. На бел. мову творы Андрыча перакладалі В.Рагойша, А.Разанаў, Л.Самасейка, Б.Сачанка, Г.Тварановіч, І.Чарота.
Тв.:
Сабрана дела. Т. 1—17. Београд и др., 1981;
Бел. пер. — Трывожны год. Мн., 1978;
Мост на Дрыне;
Пракляты двор. Мн., 1993;
Рус. Пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.
Літ.:
Иво Андриһ: Биобиблиогр. указ. М., 1974;
Поповић Р. Иво Андриһ: Живот. Београд, 1988.
І.А.Чарота.
т. 1, с. 358
А́НДРЫЧ
(Andrycz) Ніна (н. 11.11.1915, Брэст),
польская актрыса. Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1935). Працуе ў варшаўскім «Тэатры Польскім». Яркі тэмперамент актрысы найб. поўна раскрыўся ў ролях рамант. рэпертуару. Яе мастацтву ўласцівыя тонкасць псіхал. аналізу, трагічная глыбіня вобразаў; лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Жанна («Святая Іаанна» Б.Шоу), Хімена і Ізабэла Лэнцкая («Лялька» паводле Б.Пруса).
т. 1, с. 358
А́НДРЫЧЫК
(Andričik) Юрай (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),
славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-т рус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.Пташнікава (1980), зб-кі бел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.Крыжанавай-Брынзавай) і бел. нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).
А.К.Гардзіцкі.
т. 1, с. 358
АНДРЫЯ́НАЎ Кузьма Андрыянавіч
(28.12.1904, в. Кандакова Цвярской вобл., Расія — 13.3.1978),
савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР, адначасова з 1959 у Ін-це тонкай хім. тэхналогіі. Асн. навук. даследаванні па сінтэзе і распрацоўцы прамысл. тэхналогій новых высокамалекулярных злучэнняў, асабліва тэрмаўстойлівых крэмнійарган. палімераў, і матэрыялаў на іх аснове для электратэхн., лакафарбавай і буд. вытв-сці. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1950, 1953.
Тв.:
Теплостойкие кремнийорганические диэлектрики. М.; Л., 1957;
Методы элементоорганической химии: Кремний. М., 1968.
т. 1, с. 358
АНДРЫЯ́НАЎ Мікалай Яфімавіч
(н. 14.11.1952, г. Уладзімір),
расійскі спартсмен (гімнастыка). Абсалютны чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1976, Манрэаль), алімпійскі чэмпіён у асобных відах мнагаборства (1972, Мюнхен, 1976). Абсалютны чэмпіён свету 1978, Еўропы 1975, СССР 1972—74. Чэмпіён свету 1974 і 1978, Еўропы і СССР у 1971—75 у асобных відах мнагаборства. Уладальнік Кубка свету 1975—77.
т. 1, с. 358
АНДРЫЯ́ШАЎ Аляксандр Міхайлавіч
(1.9.1863, Чарнігаў — 1939),
украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1886). Працаваў у архівах Львова, Кіева, Рэвеля, Рыгі, Пецярбурга, супрацоўнічаў з Кіеўскай археагр. камісіяй. Даследаваў гісторыю ўкр. зямель феад. перыяду («Нарыс гісторыі Валынскай зямлі да канца XIV ст.», 1887; «Нарыс гісторыі каланізацыі Пераяслаўскай зямлі да пачатку XVI стагоддзя», 1931).
т. 1, с. 359
АНДРЭ́
(Andrè) Жак (25.2.1919, Парыж — 3.4.1988),
французскі лётчык, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Засл. лётчык Францыі. Вучыўся ва ун-це, скончыў лётную школу. З 1943 у СССР у складзе знішчальнага авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Удзельнік Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. Зрабіў 113 баявых вылетаў, збіў 17 самалётаў праціўніка. Да 1969 у франц. арміі, палкоўнік.
т. 1, с. 359
АНДРЭ́
(Andrée) Саламон Аўгуст (18.10.1854, Грэна — кастр. 1897),
шведскі інжынер, даследчык Арктыкі. У 1882—83 прымаў удзел у навук. экспедыцыі на Шпіцберген. 11.7.1897 (з Н.Стрынбергам і К.Фрэнкелем) спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса на паветр. шары «Арол» уласнай канструкцыі, аднак загінуў на в-ве Белы (на У ад Шпіцбергена). Рэшткі экспедыцыі знойдзены ў 1930. У гонар Андрэ названа паўн. частка в-ва Зах. Шпіцберген (Зямля Андрэ).
т. 1, с. 359
АНДРЭ́ЕВА Ефрасіння Георгіеўна
(н. в. Афонькіна Паўн.-Казахстанскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1988), праф. (1991). Скончыла Башкірскі пед. Ін-т (1955). З 1958 у Мінску. Працавала ў Мін-ве адукацыі Беларусі і НДІ педагогікі, з 1974 у Бел. пед. ун-це. Даследуе гісторыю нар. асветы і пед. думкі Беларусі. Аўтар дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ.
Тв.:
Гісторыя педагогікі. Ч. 1. Гісторыя замежнай педагогікі са старажытных часоў да 1992 г. Мн., 1992;
Гісторыя педагогікі. Ч. 2. Гісторыя педагогікі Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1993.
т. 1, с. 359