Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ТРАНСІАРДА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1928, 1946, 1948.

Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ФРА́НКА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1856—60

(т.зв. другая «опіумная» вайна),

агрэсіўная вайна Англіі і Францыі супраць Кітая. Выкарыстаўшы грамадз. вайну ў Кітаі, Англія ў кастр. 1856 пачала супраць яго ваен. дзеянні. На пач. 1857 да яе далучылася Францыя. У канцы 1857 англа-франц. войскі захапілі Гуанчжоў (Кантон), у 1858 порт Дагу. Пагражаючы наступленнем на Цяньцзінь і Пекін, Англія і Францыя прымусілі кіт. ўрад падпісаць кабальныя Цяньцзінскія дагаворы (1858). Праз год яны аднавілі ваен. дзеянні, у 1860 захапілі Цяньцзінь, Пекін. Пекінскія дагаворы 1860 ператваралі Кітай у паўкалан. дзяржаву.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах, сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.

Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ШАТЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1707,

пагадненне аб саюзе Англіі і Шатландыі, заключанае паміж іх парламентамі. Прадугледжвала аб’яднанне дзвюх краін у адзіную унітарную дзяржаву (Вялікабрытанію) з агульным 2-палатным парламентам (513 дэпутатаў ад Англіі, 61 — ад Шатландыі). У Шатландыі захоўвалася традыц. сістэма мясц. самакіравання, судаводства і адукацыі; уводзілася аднолькавая з Англіяй сістэма падаткаабкладання, ліквідаваліся ўсе мытныя бар’еры і інш. Спец. артыкулы пацвярджалі прэсвітэрыянскі лад шатл. царквы. Пагадненне ініцыіравала Англія, каб умацаваць дынастычную унію з Шатландыяй, якая пахіснулася пасля смерці караля Вільгельма III (1702). Унія спрыяла стварэнню адзінай брыт. дзяржавы, паскорыла развіццё капіталізму ў Шатландыі.

У.Я.Калаткоў.

т. 1, с. 347

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваеннапаліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

АНГЛЕ́З

(франц. anglaise літар. англійская),

агульная назва нар. англійскіх танцаў, якія былі пашыраны ў краінах Еўропы ў 17—19 ст. Музыкай блізкія да экасеза, формай — да рыгадона. Многія кампазітары (І.Фішэр, Ф.Філідор, І.С.Бах) уключалі танцы тыпу англеза ў інстр. сюіты.

т. 1, с. 347

АНГЛЕЗІ́Т

(ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),

мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.

т. 1, с. 347

АНГЛЕ́РСКАЯ ПАРО́ДА,

ангельнская парода буйной рагатай жывёлы, парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кг пры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.

М.Ц.Міхедаў.

т. 1, с. 347