Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.

т. 1, с. 393

АНТРАЦЫ́Т

(ад грэч. anthrakitis від вугалю),

выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шараватачорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб. колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.

т. 1, с. 393

АНТРАЦЭ́Н,

араматычны вуглевадарод C14H10. Мал. м. 178,24. Жоўтыя крышталі з блакітнай флуарэсцэнцыяй, tпл 216 °C; растваральны ў спірце, эфіры, ацэтоне, нерастваральны ў вадзе. У высакачыстым стане — паўправаднік. Уступае ў рэакцыі далучэння з дыенафіламі, галагенамі, кіслародам, шчолачнымі металамі і інш. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў, монакрышталі — для сцынтыляцыйных лічыльнікаў. Антрацэн раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй.

т. 1, с. 393

АНТРО́ПАЎ Аляксей Пятровіч

(25.3.1716, С.-Пецярбург — 23.6.1795),

рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.Я.Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.І.Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).

т. 1, с. 393

АНТРЫ́Т

(ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),

запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 393

АНТРЭ́

[ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],

1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.

2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.

т. 1, с. 393

АНТРЭМО́Н

(Entremont),

стараж. кельта-лігурыйскі абарончы і культавы цэнтр каля г. Экс-ан-Праванс (Францыя), сталіца плямёнаў соліяў. Пабудаваны ў 3 ст. да н.э., разбураны рымлянамі ў 124 да н.э. Гар. сцены з вежамі, складзеныя з каменных блокаў, захаваліся на выш. да 4 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі чатырохвугольных каменных дамоў, каналізацыі. У найб. высокім месцы знаходзілася свяцілішча, дзе захаваліся каменныя слупы з выявамі мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў, рэшткі шматлікіх скульптур — фігур воінаў і, верагодна, багоў.

т. 1, с. 393

АНТРЭПРЫ́ЗА

(франц. entreprise),

прыватнае відовішчнае прадпрыемства (тэатр, цырк і інш.), якое створана і ўзначальваецца антрэпрэнёрам.

т. 1, с. 394

АНТРЭПРЭНЁР

(ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),

уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.Б.Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.

т. 1, с. 394

АНТРЭСО́ЛЬ

(франц. entresol),

1) верхні паўпаверх, убудаваны ў аб’ём асн. паверха; характэрны для асабнякоў і сядзібных дамоў 18—19 ст. Выкарыстоўваюцца і ў інтэр’ерах сучасных грамадскіх збудаванняў, музеяў, выставачных залаў, тэатральных, клубных і інш. будынкаў.

2) Верхняя частка пакоя, падзеленая на 2 паўпаверхі. З) У сучасным жылым доме — паліца пад столлю кватэры.

т. 1, с. 394