Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне), чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′ паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′ паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.А.Ляўкоў, М.Я.Зусь.

т. 1, с. 388

АНТРАПАГЕНЕ́З

(ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.Дарвін і Т.Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 389

АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА

(ад антрапа... + генетыка),

раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;

Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1989—90.

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 390

АНТРАПАГЕ́ННАЕ ЎЗДЗЕ́ЯННЕ на прыроду, прамы або апасродкаваны ўплыў чалавецтва на прыроду, што прыводзіць да кропкавых, лакальных, рэгіянальных ці генералізаваных (амаль да глабальных) яе змен. Пастаянна павялічваецца з развіццём прадукц. сіл і інтэнсіфікацыяй прыродакарыстання, з’яўляецца аб’ектыўнай рэаліяй, якая складае аснову пераўтварэння прыроды і абумовіла зараджэнне і развіццё тэорыі і практыкі аховы прыроды, а таксама сістэм рацыянальнага прыродакарыстання.

Літ.:

Митрюшкин К.П., Шапошников Л.К. Прогресс и природа. М., 1978;

Риклефс Р. Основы общей экологии: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 390

АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,

прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.

т. 1, с. 390

АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,

неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.

т. 1, с. 390

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.Ф.Логінаў.

т. 1, с. 390

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя злучэнні, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Бываюць аналагамі прыродных злучэнняў, лёгка ўключаюцца ў натуральны кругаварот і утылізуюцца ў экасістэмах або чужароднымі для прыроднага асяроддзя і з цяжкасцю разбураюцца пад уплывам біятычных фактараў. Да чужародных належаць многія т.зв. ўстойлівыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, якія нярэдка аказваюцца небяспечнымі для існавання жывых арганізмаў (напр., радыеактыўныя ізатопы з працяглым перыядам паўраспаду). Усяго вядома каля 100 тыс. відаў антрапагенных рэчываў, сярод іх шмат сінтэтычных, якія ніколі не існавалі ў прыродным асяроддзі.

т. 1, с. 391

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ФА́КТАРЫ,

рухальныя сілы, якія ўплываюць на прыродныя працэсы і паходжаннем звязаны з існаваннем і дзейнасцю чалавека. Сукупны ўплыў антрапагенных фактараў фарміруе антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што адбываецца ў комплексе з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі і характарызуецца цеснай сувяззю і ўзаемазалежнасцю паміж імі. Адмоўнае і станоўчае значэнне антрапагенных фактараў для існавання жывых арганізмаў і чалавека выяўляецца на ўзроўні асобных экасістэм (найб. яскрава) і біясферы ў цэлым, улічваецца пры планаванні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды.

т. 1, с. 391

АНТРАПАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,

ландшафт, які ўзнік у працэсе пераўтваральнай дзейнасці чалавека, у т. л. яго ненаўмыснага ўздзеяння на прыроду. Займае каля палавіны тэрыторыі сушы. Вылучаюць антрапагенны ландшафт па ступені змененасці (слабазменены, зменены, моцназменены), па сацыяльна-эканам. функцыях (с.-г., індустрыяльны, урбанізаваны, рэкрэацыйны, запаведны, прыродаахоўны і інш.), па выніках антрапагенных уздзеянняў (акультураны, пераўтвораны, дэградзіраваны). На Беларусі антрапагенны ландшафт займае больш палавіны тэрыторыі. Распрацавана класіфікацыя антрапагеннага ландшафту, вылучаны тыпы, падтыпы, віды.

т. 1, с. 390