Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТО́НІЙ Марк

(Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

т. 1, с. 388

АНТО́НІМЫ

(ад анты... + грэч. ...onyma імя),

словы адной і той жа часціны мовы з процілеглым значэннем. Гл. ў арт. Антанімія.

т. 1, с. 388

АНТО́НІЧ Багдан-Ігар

(5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),

украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.

Тв.:

Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.

Літ.:

Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.

В.А.Чабаненка.

т. 1, с. 388

АНТО́ПАЛЬ,

гарадскі пасёлак на Беларусі, цэнтр Антопальскага пасялковага Савета Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. За 28 км на З ад Драгічына. На аўтадарозе Кобрын—Драгічын, чыг. ст. Антопаль на лініі Брэст—Пінск. 2,4 тыс. ж. (1995).

Вядомы з 16 ст. ў складзе Берасцейскага ваяв. ВКЛ. 2.3.1731 кароль Аўгуст III надаў Антопалю прывілей на 3 штогадовыя кірмашы. З 1795 мястэчка Кобрынскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1897 было 3867 жыхароў, 1262 дамы, нар. вучылішча. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі сукнавальня, смалакурня, 2 маслабойні, 6 мукамольняў. У 1915 акупіраваны кайзераўскімі, у 1919 — польскімі войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак. У 1940—59 цэнтр Антопальскага р-на. З 25.6.1941 да 16.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1959 у Драгічынскім р-не.

Ватнапрадзільная ф-ка, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, кінатэатр, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Васкрасенская царква і касцёл (помнікі архітэктуры 19 ст.).

т. 1, с. 388

АНТО́ПАЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у 1940—59 у Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Цэнтр — г.п. Антопаль. Пл. 900 км², 85 нас. пунктаў. Падзяляўся на 13 сельсаветаў. Скасаваны 8.8.1959.

т. 1, с. 388

АНТРАКНО́ЗЫ

[ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

т. 1, с. 388

АНТРАКО́З лёгкіх, хранічная прафесійная хвароба пераважна шахцёраў, якая выклікаецца паступовым назапашваннем у лёгкіх каменнавугальнага пылу і суправаджаецца развіццём фібрознага працэсу; від пнеўмаканіёзу.

т. 1, с. 388

АНТРА́КТ

(франц. entracte),

1) перапынак паміж актамі (дзеямі) спектакля ці аддзяленнямі канцэрта, цыркавога паказу.

2) Музычная п’еса, якая з’яўляецца ўступам да акта (акрамя 1-га) ці карціны опернага, балетнага або драм. спектакля. Выконваецца пасля перапынку, перад тым як падняць заслону.

т. 1, с. 388

АНТРАПА...

(ад грэч. anthrōpos чалавек),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да чалавека», напр. антрапалогія, антрапагенетыка.

т. 1, с. 388

АНТРАПАБІЯЦЭНО́З

(ад антрапа... + біяцэноз),

біяцэноз, які знаходзіцца пад пастаянным уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

т. 1, с. 388