Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́РЫН Аркадзь Ягоравіч

(н. 15.11. 1923, с. Убінскае Новасібірскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Засл. настаўнік прафес.-тэхн. адукацыі Беларусі (1968). Нар. настаўнік СССР (1979). Скончыў БДУ (1950). З 1960 дырэктар Бабруйскага вышэйшага прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва. Навук. працы па праблемах эстэт. выхавання і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў ПТУ.

Тв.:

Эстетическое воспитание учащихся профтехучилищ. Мн., 1981;

Формирование личности молодого рабочего в профтехучилищах. Мн., 1983 (у сааўт.);

Воспитание творческой активности учащихся ПТУ. Мн., 1990;

Эстетическое воспитание. 2 изд. Мн., 1992.

т. 9, с. 139

ЛА́РЫН Фёдар Сямёнавіч

(13.2.1941, в. Кокіна Камарыцкага р-на Бранскай вобл., Расія — 14.1.1996),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1967 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1985 нам. дырэктара, з 1992 дырэктар). Навук. працы па рэгуляцыі абмену ліпідаў у арганізме жывёл і чалавека ў норме і паталогіі, пошуку метабалічных падыходаў у лячэнні атлусцення.

Тв.:

Обмен липидов при введении тиамина и его фосфорилированных производных (разам з В.У.Буко) // Кокарбоксилаза и другие тиаминфосфаты. Мн., 1974;

Обмен липидов при авитаминозе B1 вызываемом введением окситиамина (у сааўт.) // Метаболические эффекты недостаточности функционально связанных B-витаминов. Мн., 1987.

т. 9, с. 139

ЛАРЫНГАСКАПІ́Я

[ад грэч larynx (laryngos) гартань + ...скап(ія)],

метад даследавання гартані спец. інструментамі. Адрозніваюць Л. непрамую (люстраную), прамую і фібравалаконную. Непрамую Л. робяць з дапамогай гартаннага люстэрка, крыніцы святла і лобнага рэфлектара, прамую з дапамогай ларынгаскопа, фібравалаконную — прыборамі з выкарыстаннем фібравалаконнай оптыкі (святлаводаў).

П.А.Цімашэнка.

т. 9, с. 139

ЛАРЫНГАСПА́ЗМА

[ад грэч. larynx (laryngos) гартань + спазма],

раптоўная сутаргавая спазма мускулатуры гартані, у выніку якой прасвет гартані закрываецца і ўзнікае інспіраторная задышка. Выклікаецца раздражненнем блукаючага нерва пры пападанні іншародных цел у прасвет гартані, валляку, пухлінах, у дзяцей таксама — доўгім плачам, смехам і інш. Пры Л. хворы задзірае галаву, шырока разяўляе рот, у цяжкіх выпадках — смерць ад асфіксіі. Неадкладны зварот па ўрачэбную дапамогу.

П.А.Цімашэнка.

т. 9, с. 139

ЛАРЫНГАТРАХЕІ́Т,

гл. ў арт Ларынгіт.

т. 9, с. 139

ЛАРЫНГАФО́Н

[ад грэч. larynx (laryngos) гартань + ...фон],

мікрафон спец. канструкцыі, які пераўтварае мех. ваганні (вібрацыі) звязак і храсткоў гартані чалавека, які гаворыць, у эл. ваганні. Практычна не ўспрымае гукавых ваганняў знешняга асяроддзя. Звычайна 2 Л. размяшчаюць з двух бакоў гартані па рамянях шлема. Выкарыстоўваецца для радыё- і тэлефонных размоў ва ўмовах (на аб’ектах) з высокім узроўнем шуму (у самалёце, танку, прамысл. цэху і да т.п.).

П’езаэлектрычны ларынгафон 1 — частка корпуса, якая прыціскаецца да гартані; 2 — п’езаэлемент з апорамі 4; 3 — вывады электрычнага напружання гукавой частаты.

т. 9, с. 139

ЛАРЫНГІ́Т

[ад грэч. larynx (laryngos) гартань],

запаленне слізістай абалонкі гартані. Адрозніваюць Л. востры і хранічны. Востры Л. бывае пры вял. нагрузцы на голас, вострай рэспіраторнай інфекцыі, алергічным пашкоджанні, пры адры, грыпе, дыфтэрыі, шкарлятыне. Запаленчы працэс можа пашкоджваць слізістую абалонку трахеі (ларынгатрахеіт). Асн. сімптомы — сухасць, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, парушэнне голасу. Пры вострым Л. іншы раз узнікае ацёк падскладкавай вобласці (найчасцей у дзяцей) са стэнозам дыхальных шляхоў да асфіксіі. Прычына хранічнага — частыя вострыя Л. Лячэнне вострага Л. тэрапеўт. і фізіятэрапеўт., а таксама рэфлекторная тэрапія.

П.А.Цімашэнка.

т. 9, с. 139

ЛА́РЫСА

(Larisa),

горад на У Грэцыі, на р. Піньёс. Адм. ц. нома Ларыса. Адзін з самых стараж. гарадоў Грэцыі і цэнтраў эгейскай культуры, вядомы з 2-га тыс. да н.э. 113 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1991). Прам-сць: харч., папяровая, тэкст., буд. матэрыялаў. Штогадовыя с.-г. кірмашы. Руіны ант. т-ра, тур. крэпасці.

т. 9, с. 139

ЛАРЫ́С-МЕ́ЛІКАЎ Міхаіл Тарыэлавіч

(1.1.1826, Тбілісі —24.12.1888),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз. кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен. нач. Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т.л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;

Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.

У.Я.Калаткоў.

т. 9, с. 139

ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр. Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.

Літ.:

Ларионова Э.И. Клод Лоррен: [Альбом]. М., 1979.

К.Ларэн. Кампа Вачына.

т. 9, с. 140